Спорт

Тэмп задае кіраўніцтва

стрельбаучНа базе фізкультурна-аздараўленчага цэнтра райспажыўтаварыства ў рамках круглагадовай спартакіяды прайшлі спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, прымеркаваныя да Дня Перамогі і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. На гэты раз іх падтрымала МРАС ДТСААФ.
У асабістым першынстве сярод кіраўнікоў першае месца заняў дырэктар філіяла “НВК “Палессе” Іван Соц. Другі вынік паказала галоўны бухгалтар праўлення Ніна Мікуліч, а яе сын Эдуард, які, дарэчы, з’яўляецца кіраўніком філіяла “Аўтабаза”, атрымаў бронзавую ўзнагароду.
У камандным першынстве сярод філіялаў райспажыўтаварыства перамогу святкавала каманда праўлення. Іх квартэт набраў у суме 161 ачко. Усяго на адно адсталі прадстаўнікі філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне”, на тры – “НВК “Палессе”.
Усе пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі адпаведных ступеняў і грашовымі прэміямі.

 

“НЕ СТАРЭЮЦЬ ДУШОЙ ВЕТЭРАНЫ”
Валейбольны турнір пад такой назвай пройдзе на базе політэхнічнага каледжа ў суботу, 24 мая. Пачатак у 10 гадзін.
У спаборніцтвах прымуць удзел каманды Століна, Жыткавіч, Пінскага раёна, Дубровіцы (Украіна) і Лунінца.

 

СВЯТОЧНЫЯ СПАБОРНІЦТВЫ
Юныя аматары спорту сабраліся ў Дзень фізкультурніка на стадыёне “Палессе”, каб прыняць удзел у спартыўных выпрабаваннях,
якія падрыхтаваў РФСК “Здароўе”.
Юнакі і дзяўчаты прынялі ўдзел у эстафетах, высвятлялі самага трапнага ў дартсе, самага моцнага – у адцісканні. Пераможцамі сталі Ліна Трухнова, Станіслаў Неўдах, Дзяніс Малдаванаў, Ірына Мішкова. Лепшыя эстафетныя квартэты – зборная мікашэвіцкіх школ і лунінецкай СШ №2. Акрамя таго, каштоўнымі падарункамі адзначаны самыя актыўныя ўдзельнікі Дня фізкультурніка і лепшыя юныя спартсмены раёна – Кацярына Вароніч, Валянціна Лубнік, Віталь Багук, Алена Менжынская, Дзяніс Дырда, Анастасія Грудзько, Аляксандра Хорашава і іншыя.

 

ПЕРШАЕ ПАРАЖЭННЕ СЕЗОНА
Да шостага тура дзве каманды мелі ў графе “паражэнне” нулі. У іх ліку – “Граніт”. Гасцявая гульня з камандай “Смалявічы-СТІ” прынесла расчараванне.
І хаця “гранітаўцы” стварылі больш галявых сітуацый, рэалізаваць іх не здолелі. А вось гаспадары скарысталіся момантам. Гол на 15-ай хвіліне забіў Міхаіл Шчэрбакоў.
Здавалася б, мікашэвіцкая каманда сабрала грозны састаў. Але відавочна, што чагосьці ёй яўна не хапае. Узмацніць гульню, падтрымаць тэмп, даціснуць саперніка, маючы гульнявую перавагу, не атрымліваецца. Хаця памочнікі Георгія Кандрацьева, якія назіралі за матчам з “Мінскам-2”, далі нашым землякам годную рэкамендацыю, разглядаючы яе, як каманду для вышэйшай лігі. “Граніту” зараз трэба паспяшацца хутчэй сыграцца, каб не адпусціць лідараў у адрыў.
У нядзелю, 25 мая, на стадыёне “Палессе” “Граніт” будзе прымаць дэбютанта першай лігі – “Гомельжелдортранс”. Пачатак у 18 гадзін.

 

ДЭБЮТ У МНАГАБОР’І
Алімпійскія дні моладзі сабралі ў Брэсце лепшых лёгкаатлетаў вобласці 1999-2000 гадоў нараджэння.
З асаблівым пачуццём трэнеры чакалі выступлення Ірыны Ванюк (злева). Аб тым, што ёй няма роўных у Беларусі ў бар’ерным бегу, вядома многім. Але на гэты раз перад таленавітай спарт-сменкай стаяла больш складаная задача – прадэманстраваць свае здольнасці адразу ў сямі відах. У мнагабор’і даўно «засвяцілася» Аліна Раманько з Баранавіч, на Брэстчыне яна не бачыла да гэтага часу для сябе саперніц.
З першага віду – бегу на 100 метраў з бар’ерамі – наша Ірына захапіла лідарства, прычым паказала вынік 15,36 секунды – вышэйшы, чым у дзяўчат, якія выступалі ў асобных відах. У скачках у вышыню яна пераадолела планку ў 156 сантыметраў, хаця мае ў сваім актыве і больш высокія рубяжы. Не ўсё атрымалася ў штурханні ядра (8 метраў 19 сантыметраў). Такі ж вынік паказала і галоўная канкурэнтка з Баранавіч. А вось 200 метраў пранеслася таксама хутчэй за ўсіх – 27,10 секунды. Другі дзень стаў “залатым” для Ірыны Ванюк. Вынік 5 метраў 27 сантыметраў у скачках у даўжыню стаў недасягальным для саперніц, як і кіданне кап’я на 28,6 метра і бег на 800 метраў – 2 хвіліны 32 секунды. Наша чэмпіёнка набрала 4349 ачкоў, апярэдзіўшы бліжэйшую канкурэнтку амаль на 500. Трэба спадзявацца, што з такімі вынікамі на рэспубліканскіх спаборніцтвах ёй таксама не будзе роўных.
Пераможны настрой падтрымаў і Аляксандр Гарадкавец, які стаў лепшым у бегу на 300 метраў з бар’ерамі. Ён жа паказаў трэці вынік на дыстанцыі 110 метраў з бар’-ерамі. Парадавала Ліна Трухнова, заняўшы другое месца ў скачках у даўжыню і трэцяе – у трайным. Вікторыя Захарчук з Дзятлавіч (справа), якая зараз трэніруецца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, фінішавала другой у бегу на 400 метраў. Заліковыя ачкі камандзе прынеслі таксама Міхаіл Вішнявецкі, Валянціна Лубнік, Юлія Курак, Уладзіслаў Крышталь, Дзяніс Дырда і Уладзімір Пыжэўскі. Каманда Лунінецкага раёна заняла шостае месца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть