99 МЯЧОЎ – НЕ МЯЖА!
Ураджэнцаў Лунінца, якія выступалі за клубы вышэйшай лігі ў чэмпіянаце краіны па футболе, можна пералічыць па пальцах. А калі дакладней, іх усяго двое – Аляксандр Ермаковіч, які апошнія гады гуляў за барысаўскі “БАТЭ”, і Вадзім БАНДАРУК.
Пяцікласнік лунінецкай СШ №2 запісаўся ў секцыю футболу ў ДЮСШ па прыкладу равеснікаў, у іх ліку быў і стрыечны брат Аляксандр Ермаковіч. Вось толькі трэнеры былі розныя. Група Вадзіма займалася пад кіраўніцтвам Міхаіла Гарбачова, а будучай “зоркі” беларускага футбола – Міхаіла Аляшкевіча.
– Саша быў на галаву мацнейшы за нас, і мы імкнуліся быць на яго падобнымі, – прыгадвае Вадзім. – Хутка здольнасці былі заўважаны брэсцкімі трэнерамі. З абласнога цэнтра і пачаўся яго шлях на вяршыню беларускага футбола.
Між тым, жаданне дабіцца поспеху ў Вадзіма таксама было вялікім, таму пасля тэрміновай службы стаў гуляць за лунінецкі клуб “Палессе”, які ў той час выступаў у другой лізе чэмпіянату краіны. Маладога і перспектыўнага іграка ўзялі на заметку трэнеры мінскага “Тарпеда” і хутка прапанавалі месца ў камандзе. Але юнаку з глыбінкі не проста было стаць сваім у асяродку славутасцяў. Як лічыць сам, не хапала як вопыту, так і “школы”. Вадзім не ўяўляў жыцця без футболу, таму, калі закончыўся кантракт з “Тарпеда”, стаў гуляць за клубы першай лігі – “Граніт”, “Лунінец”, “Бяроза”, “Ведрыч-97”, “Хімік”.
Аднак склалася так, што па стану здароўя з вялікім футболам давялося развітацца. “Няўжо – на гэтым усё?” – такая думка не давала спакою. Віктар Грыневіч прапанаваў паспрабаваць свае сілы ў міні-футболе. Так, ужо тры гады Вадзім Бандарук выступае за “Базар” і з’яўляецца капітанам каманды. Сёлета сярод бамбардзіраў чэмпіянату краіны ён заняў другі радок, забіўшы ў вароты сапернікаў 41 гол. Усяго ж у вышэйшай лізе капітан “Базара” адзначыўся 99 разоў.
– Калі здароўе не падвядзе, сотню абавязкова размяняю, – усміхаецца субяседнік. – Тым больш, што наша каманда мае нядрэнны патэнцыял. Праўда, не заўсёды хапае ўдачы, майстэрства, а іншы раз некаторыя ігракі гуляюць не з поўнай аддачай. Міні-футбол – цудоўная калектыўная гульня, дзе больш шанцаў атрымаць станоўчыя эмоцыі, адчуць партнёрства і рэалізаваць свае магчымасці. Веру, што ў нас усё атрымаецца, і “Базар” часцей будзе радаваць балельшчыкаў.