АБНОЎЛЕНЫ “БАЗАР” УСТУПІЎ У БАРАЦЬБУ
Спорт

АБНОЎЛЕНЫ “БАЗАР” УСТУПІЎ У БАРАЦЬБУ

У мінулым сезоне міні-футбольная каманда «Базар” аўтсайдарам падышла да заканчэння чэмпіянату Рэспублікі Беларусь, выступаючы ў вышэйшай лізе. І павінна была пакінуць элітны дывізіён. Аднак, у новым сезоне лунінчане зноў гуляюць у вышэйшай лізе. Аб гэтым расказвае трэнер каманды Віктар ГРЫНЕВІЧ:

– Можна сказаць, нам пашанцавала. Баранавіцкі «Гаспадар”, які нядрэнна правёў мінулы сезон, распаўся. А каманда з Гомельшчыны «Паўднёвае”, заваяваўшы права выступаць у вышэйшай лізе, адмовілася ад удзелу ў спаборніцтвах на такім узроўні. Да таго ж, сёлета ў чэмпіянаце прымаюць удзел 16 каманд, а не 14, як у мінулым сезоне.
– Хто застаўся ў камандзе з ігракоў, якія летась выступалі за «Базар”?
– Па-ранейшаму ў страі Дзмітрый Колас, Міхаіл Санюковіч, Максім Наварыч, Дзмітрый Троцкі, Уладзімір Сазонаў, Ігар Бярозка і Аляксандр Аляшкевіч. Па заканчэнні чэмпіянату краіны па футболе зноў будзем рады бачыць Аляксандра Рапецкага, які цяпер выступае за пінскую «Хвалю”. Запрасіў у каманду былых ігракоў «Гаспадара”: Віктара Юрагу, Віктара Шусту, Андрэя Скварчэўскага, Дзмітрыя Коўшыка, а таксама брэстаўчаніна Мікалая Карповіча.
– Назіраючы за гульнёй каманды ў стартавым матчы, у якім «Базар” прайграў «БЧ” з лікам 4:8, нельга сказаць, што згулялі дрэнна. Бачны патэнцыял, але няма выніковасці. У чым прычына?
– Пакуль няма сыгранасці. На завяршальнай стадыі атак нам не хапала ўдачы. Ды і варатар гамяльчан згуляў надзейна. Ён неаднаразова выратоўваў сваю каманду, здавалася б, у безнадзейных сітуацыях. Больш за ўсё баяліся стандартаў, і яны ў гасцей выконваліся ўдала. У нашай камандзе вызначыліся Скварчэўскі, Колас і двойчы – Шуста.
– Здаецца, не так проста сабраць каманду разам, калі многія жывуць далёка ад Лунінца…
– Вядома ж. На агульную трэніроўку збіраемся толькі ў пятніцу. Справа ў тым, што ўсе заняты па асноўным месцы работы і трэніруюцца па самастойных планах. Часцей прыязджаць у Лунінец яны проста не маюць магчымасці. Лунінчане ж трэніруюцца штодзень.
– Леташні сезон атрымаўся не зусім лёгкім для «Базара”. Ці не было жадання распусціць каманду?
– Футбол мацней за нейкія імпульсіўныя і эмацыянальныя патрасенні, таму каманда зноў у страі, і, спа-дзяюся, парадуе мяне і балельшчыкаў яшчэ не раз.
– Трэба сказаць, што на старце вам дастаўся нялёгкі сапернік. Як надалей будуць складвацца сустрэчы?
– У нядзелю, 16 верасня згуляем на выездзе з «Лідай”. Таксама моцная каманда. Ды і гуляць давядзецца на вялікай пляцоўцы, што не звыкла для нас. А праз тыдзень дома сустрэнемся з «МАПІДам”. Такім чынам, пакуль аб перамогах складана марыць, але змагацца будзем абавязкова.
– Удачы вам і вашай камандзе ў новым сезоне!
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ. Фота аўтара.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть