Спорт

АЛІМПІЙСКАЯ НАДЗЕЯ

Яшчэ адна “зорачка” запалілася ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, якая пацвярджае, што статус алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы ёй прысвоены заслужана. На прайшоўшых у Брэсце Алімпійскіх днях моладзі Алена ГЕРАСІМЧУК двойчы стала сярэбраным прызёрам – у бегу на 100 і 200 метраў. Прычым, на абедзьвюх дыстанцыях выканала нарматыў “кандыдата ў майстры спорту”.

У секцыю лёгкай атлетыкі запісалася ў пятым класе, калі на ўрок фізкультуры ў СШ №4 прыйшоў Валерый Пятровіч Жукоўскі і расказаў пра “каралеву спорта”. З першых трэніровак Алена зразумела, што гэта менавіта тое захапленне, аб якім яна марыла. Тут не толькі вывучалі тэхніку бега, скачкоў, пераадолення бар’ераў, але і гулялі ў футбол, баскетбол, ручны мяч. Пасля нагрузак часта балелі мышцы, але гэта надавала упэўненасці ў тым, што арганізм становіцца мацнейшым, а значыць, жадаемы вынік абавязкова будзе дасягнуты.

Калі на стадыёне пачалі рэканструкцыю, а ў спартыўнай школе – рамонт, умоў для заняткаў амаль не было. Вынікі сталі падаць. Здавалася, што ўсё, да чаго імкнулася, дарэмна. Але трэнер В.П. Жукоўскі супакойваў: “Наш час абавязкова яшчэ праб’е”. Так і атрымалася. Здаецца месяц таму зноў прыступілі да трэніровак у нармальных умовах, а вынік не прымусіў сябе чакаць.

– Даведаўшыся, што мяне ўключылі ў склад каманды раёна, разумела адказнасць, таму імкнулася паказаць высокія вынікі, – дзеліцца ўражаннямі Алена. – І хаця старт у мяне яшчэ не зусім хуткі, здолела на дзвюх дыстанцыях устанавіць асабістыя рэкорды – 12,48 і 25,75 секунды.

Радуе, што і астатнія члены каманды таксама сталі прызёрамі спаборніцтваў. Вадзім Коўшык заняў другое месца на дыстанцыі 1000 метраў, а Таццяна Кіндрук – на 100 метраў з бар’ерамі. Максім Наварыч стаў сярэбраным прызёрам у бегу на 3000 метраў і бронзавым на – 1500. Аляксандр Шыш двойчы фінішаваў трэцім – на дыстанцыях 110 і 400 метраў з бар’ерамі.

Хутка Алена Герасімчук у складзе зборнай Брэстчыны выступіць на рэспубліканскіх спаборніцтвах. А там, глядзіш, адкрыецца перспектыва ўдзелу ў першых летніх Юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Сінгапуры.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть