Спорт

АЛІМПІЯДА – СВЯТА ДЛЯ БАЛЕЛЬШЧЫКАЎ, АЛЕ НЕ ДЛЯ СПАРТСМЕНАЎ

За галоўнымі стартамі планеты – алімпійскімі гульямі –
сачыла большасць грамадзян Беларусі. Не выключэнне, і лунінчане. Тым больш, што
ў Лондане выступалі нашы землякі. Крыху адпачыўшы і асэнсаваўшы сваё
выступленне, сёння ўражаннямі аб алімпіядзе дзеліцца дзесяціборац Эдуард МІХАН:

– З аэрапорта нас адразу прывезлі ў Алімпійскую вёску,
дзе жылі прадстаўнікі ўсіх відаў спорту з розных краін свету. Трапіць сюды пабочны
чалавек не мог: усё строга па акрэдытацыі. Паўсюдна – шматпавярхоўкі. У адной з
іх размясцілі і нас. Жылі ў чатырохпакаёвых кватэрах па 2 чалавекі ў кожным
пакоі. У цэнтры вёскі – вялізарная ў некалькі соцень квадратных метраў
сталовая. У кожнага кантынэнта была свая кухня. Асобна прадстаўлены брытанская
і Мак Дональдс. Працаваў аб’ект грамадскага харчавання кругласутачна і
бясплатна. Да стадыёна было недалёка: хвілін 10 хадзьбы. Раніцай на наступны
дзень зрабіў размінку. Настрой перад стартам быў выдатны.

Спаборніцтвы пачаліся са 100-метроўкі. Паказаўшы вынік
10,74 секунды, застаўся задаволены. Скачкі ў даўжыню, можна сказаць, праваліў.
Нічога не атрымлівалася з разбегам. У выніку – 6 метраў 97 сантыметраў,
здаецца, гэта горшае выступленне за апошнія 7 год. У штурханні ядра ўстанавіў
асабісты рэкорд – 14 метраў 75 сантыметраў. Па-ранейшаму не атрымліваецца
пераадолець 2-метровы рубеж у скачах у вышыню. Спыніўся на 193-х сантыметрах. А
вось апошні від першага дня спаборніцтваў – бег на 400 метраў – стаў
“вызначальным” для ўсяго выступлення ў цэлым. Перад самым фінішам нагадала пра
сябе траўма, атрыманая ў чэрвені на спаборніцтвах у Чэхіі. І хаця ў бегу на
круг паказаў хуткія секунды – 48,42, разумеў, што на гэтым можа ўсё закончыцца.
Урачы і масажысты прыклалі шмат намаганняў праводзячы аднаўленчыя працэдуры.
Спаць лёг толькі ў 3 гадзіны ночы…

Раніцай пасля размінкі адчуванне было не з лепшых. Зноў
давялося прыбегнуць да “варажбы” медыкаў. Калі выйшаў на старт, забыў пра
траўму, думаў толькі пра 110 метраў з бар’ерамі. Праляцеў дыстанцыю на адным
дыханні з асабістым дасягненнем – 14,15 секунды. Аднак, на гэтым можна было
ставіць кропку. На дыск ішоў, кульгаючы. Вынік 44 метры і 42 сантыметры
дазваляў яшчэ змагацца за тое, каб трапіць у дзесятку мацнейшых, аднак боль
станавілася нясцепрпнай. У скачках з шастом здолеў выканаць толькі дзве спробы
і перадолець 4 метры 40 сантыметраў. Ужо ішоў, каб зняцца са спаборніцтваў, але
на паўшляху ў галаве прабегла думка: “Гэта ж алімпіяда, няўжо спаборніцтвы, да
якіх рыхтаваўся не адзін год, так і не здолею завяршыць?” Зноў прыбегнуў да
абязбольваючых прэпаратаў. Кап’ё кідаў амаль з месца. 55 метраў 50 сантыментраў
– не зусім той вынік, на які разлічваў. Бег на 1500 метраў пачаў у звычайным
тэмпе, але паступова “замарозка” рабілася ўсё слабейшай і апошнія метры
дабягаў, сціснуўшы зубы. Для мнагаборца 4 хвіліны 38 секунд – нядрэнна, але не
для мяне, звычайна прабягаючага палтарашку за 4.33. Але гэта было цяпер
няважна. Галоўнае, я вытрымаў выпрабаванне і прайшоў да канца алімпійскі старт.
Традыцыйна мнагаборцы заканчваюць спаборніцтвы кругам гонару. Уявіце, калі
ўвесь 60-тысячны стадыён вітае цябе стоячы апладысментамі. Многія балельшчыкі
спускаюцца ўніз, просяць аўтограф, фотаграфуюцца на памяць. Ім няважна, якое
месца ты заняў – першае ці 17-ае, як я. Важна, што ты перадолеў такое складанае
выпрабаванне. Гэта неперадаваемае пачуццё сапраўднага гонару за сябе і сваю
краіну.

– Ты лічыш сябе шчаслівым?

– Вядома ж. І нягледзячы на тое, што не змог трапіць у
васьмёрку мацнейшых, як разлічваў. Увайшоўшы ў склад алімпійскай зборнай,
пазнаёміўся з цудоўнымі людзьмі. Гэта Таццяна Удавенка і Юрый Плаксін. Дзякуй
ім за падтрымку, якую аказвалі яны падчас падрыхтоўкі да адказных
спаборніцтваў.

– А што акрамя стадыёна і алімпійскай вёскі ты бачыў у
Лондане?

– Спачатку быў вельмі расчараваны, ні з кім не хацеў
размаўляць і нават выходзіць з пакоя. Пазней прыйшоў у сябе. У апошні дзень
пайшоў паглядзець Біг Бэн (вулічная вежа-гадзіннік – славутасць Лондана), і
ўсё. Больш нідзе не быў. Мы ж ехалі ў Вялікабрытанію не забаўляцца. Гэта толькі
кажуць, што алімпіяда – свята для спартсменаў. Хутчэй, гэта для балельшчыкаў і
гледачаў так. Для нас жа – цяжкая і вельмі адказная праца.

– Якія планы наперадзе?

– Зараз паеду ў Гомель, дзе неабходна здаць летнію сесію,
якую перанеслі ў сувязі з падрыхтоўкай да Алімпіяды. У наступным годзе планую
закончыць універсітэт. Што датычыць спаборніцтваў, то зараз – наступілі
невялікія канікулы, трэба, як след, аднавіць сілы і вылячыць нагу. Зімой планую
выступіць на чэмпіянаце Еўропы ў Стакгольме. І зразумела, пачну зноў рыхтавацца
да чарговай Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть