Спорт
АПОШНЯЕ ВЫПРАБАВАННЕ ПЕРАД АДКАЗНЫМ СТАРТАМ
Лёгкая атлетыка
Спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на прызы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі сталі апошняй «прыкідкай” перад чэмпіянатам свету.
У Мінск з’ехаліся не толькі беларускія спартсмены, але і прадстаўнікі Латвіі і Турцыі. У бегу на адзін круг выступілі ўдзельніцы эстафетнай каманды 4х400 метраў. Рыхтуючыся да планетарнага форуму ўсе спартсменкі паказалі высокія вынікі, у тым ліку і наша зямлячка Ірына Хлюстава (52,96 секунды). Яна вельмі задаволена, што здолела выйсці на такі вынік, адчувае сябе выдатна і не падвядзе каманду ў адказным старце.
Міні-футбол
НА П’ЕДЭСТАЛЕ – «ГРАНІТ”
У выхадныя ў Мінску фінішаваў VІ турнір памяці заслужанага трэнера Беларусі Анатоля Ягорава, у якім браў удзел мікашэвіцкі «Граніт”.
Нягледзячы на тое, што ў стартавым матчы нашы землякі саступілі «Дарожніку” – 1:3, у паядынку з «ВітЭнам” здолелі прадэманстраваць свае лепшыя якасці і перамагчы з лікам 5:3. Такім чынам, «гранітаўцы” занялі ў сваёй групе другое месца, што дало шанц пазмагацца за ўзнагароды. У барацьбе за трэцяе месца іх сапернікам выступіў светлагорскі «ЦКК”. Напружанасць захоўвалася да фінальнай сірэны. На апошняй хвіліне было забіта два мячы. І ўсё ж, удача была на баку мікашэвіцкіх футбалістаў – 3:2. Галы забілі Шаўчэнка, Скакалкін і Кіслюк.
«Граніт” у чацвёрты раз стаў прызёрам Мемарыяла Ягорава: двойчы была другой і цяпер двойчы – трэцяй. Перамогу святкаваў «МАПІД”.
РЭЗЕРВІСТЫ ПАЗНАЁМІЛІСЯ З НАВІЧКОМ
Скарыстаўшыся свабодным днём у календары турніра, мікашэвіцкі «Граніт” вырашыў даць магчымасць праявіць сябе рэзервістам.
Другі склад каманды ў мінулую суботу правёў кантрольны паядынак з дэбютантам вышэйшай лігі – баранавіцкім «Гаспадаром”. Матч праходзіў у фармаце: 2 таймы па 30 хвілін «гразнага” часу. Навічок эліты перамог з мінімальнай перавагай – 1:0.
Футбол
УДАЛЫ ПАЧЫН ДРУГОГА КРУГА
Паступова «Граніт” падцягваецца да лідзіруючай групы.
Пасля двухтыднёвых канікул мікашэвіцкія футбалісты правялі гульню чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе ў Полацку, дзе перайгралі аднайменны клуб. Прычым, пераможны гол нашы землякі забілі на 5-й хвіліне. Зрабіў гэта Якубовіч. «Вікторыя” дазволіла «гранітаўцам” перамясціцца з 10-га на 7-ы радок турнірнай табліцы.
У суботу, 20 жніўня, на стадыёне «Палессе” «Граніт” будзе прымаць «Славію-Мазыр”. Пачатак у 18.00. Білеты можна набыць у дзень гульні ў касе з 15 гадзін.
Мотабол
ЛЁГКАЯ ПЕРАМОГА І ГОРКАЕ ПАРАЖЭННЕ
Два матчы на сваім полі правялі мотабалісты «Лунінца”.
Сустрэча з пінскім «Аўтамабілістам” паказала, што каманда – гэта не адзін ігрок. Нашы ігракі без праблем перайгралі саперніка – 6:1. Галы забівалі Аляксандр Бабіч – 2, Мікалай Бойка – 2, Алег Ісаеў і Анатоль Багданец. У матчы з украінскім «Усходам” усё пайшло па-іншаму. Лік у гульні адкрылі госці, і трымалі перавагу да трэцяга перыяду, пакуль Анатоль Багданец удала рэалізаваў пенальці. Аднак, за 10 хвілін да заканчэння матча лунінчанам давялося гуляць утраіх, чым скарысталіся мотабалісты «Усхода”. Вынік – першае паражэнне ў Адкрытым Чэмпіянаце 2011 года – 2:3. Акрамя Анатоля Багданца гол забіў малады ігрок Сяргей Казун.
«Лунінцу” прадстаіць яшчэ дзе сустрэчы на выездзе – з «Азотам” і «Зарой”, а таксама дамашняя гульня з «Юнацтвам”.