Баскетбольны чэмпіянат пакуль не такі папулярны ў раёне, як валейбольны. Аднак, і ў гэтага віда спорту ёсць свае прыхільнікі, якія заўсёды спяшаюцца на спаборніцтвы.
Сярод жаночых каманд, а іх заявілася толькі тры, найбольш удала выступілі лунінчанкі, якія і сталі пераможцамі. А вось за другое месца разгарнулася барацьба між дзятлаўчанкамі і кажан-гарадоцкімі спартсменкамі. У заключным матчы для вырашэння пераможцы спатрэбіўся нават дадатковы час. Больш удачлівымі аказаліся баскетбалісткі з Кажан-Гарадка. Яны і сталі сярэбранымі прызёрамі. А аўтар рашаючага гола Крысціна Астапчык названа лепшай спартсменкай чэмпіянату.
У мужчынскіх спаборніцтвах без асаблівай цяжкасці перамог “Беларусбанк” на чале з Андрэем Кураком. Амаль ва ўсіх паядынках “банкіры” выйгравалі з перавагай, якая ў два разы перавышала забітыя мячы саперніка. У барацьбе за другое месца вырашальным стаў паядынак паміж камандамі “РАА” і “Гудкі”, у якім настаўніцка-вучнёўская зборная пад кіраўніцтвам Віталя Каташука аказалася мацней – 49:47. Трэба адзначыць, што каманда “Гудкі” ўдзельнічае ва ўсіх гульнявых відах спорту на працягу некалькіх год. І кожны іх старт больш удалы за папярэдні. А значыць, у каманды на чале з Аляксеем Кіслюком – добрыя перспектывы. Чацвёртымі ў турнірнай табліцы сталі “Дзятлавічы”. Пятае месца занялі мікашэвіцкія будаўнікі – “БУ-63”, шостае – “Прафліцэй”. Прыз “лепшага іграка” атрымаў Алесь Літвіненка (“РАА”).