Спорт

Балельшчыцай была МАМА…

Да 100-годдзя беларускага футболу

Аднаўляем этапы развіцця гэтага захапляючага віду спорту ў Лунінцы. Аб форвардзе з мянушкамі “Чыта” і “Цыбуля”, Міхаіле Канстанцінавічы Слізні, расказала яго дачка (№37 “ЛН” за 20.05). Надрукаваны здымак адлюстраваў каманду “Лакаматыў” 1950-ых гг.

Міхаіл Міхайлавіч Капралаў (2.10.1929-3.06.1998). Аб браце і мужы прыгадалі Людміла Міхайлаўна ЛАГВІНЕНКА і Таццяна Рыгораўна КАПРАЛАВА ). Ганна Мікалаеўна ПАКІНА, дырэктар краязнаўчага музея, дзе адбывалася сустрэча, дэталёва занатоўвала факты з біяграфіі вядомага ў свой час футбаліста, які быў яе дзядулем.

Сястра: Сям’я бацькі, расіяне з Белгарада, паявіліся ў Лунінцы ў пачатку ХХ стагоддзя. Мама – з Моладава, яе родныя – бежанцы перыяду Першай сусветнай вайны. У дзяцей была вялікая розніца: сястры споўнілася 18, брату – 16, калі ў 1945-ым нарадзілася я… Відавочна, Міхаіл захапляўся футболам з дзяцінства. На даваенных здымках ён часта адлюстраваны з мячом.

Жонка: Свёкра ведалі як выдатнага печніка. З сынам яны пабудавалі новы дом на завулку Ліпавы, побач са старой сядзібай, якая потым была знесена. Муж быў выдатным майстрам у тэхніцы. Вярнуўшыся з арміі, працаваў кінамеханікам: у чыгуначным клубе на стадыёне, кінатэатры “Камсамолец” (першы паверх цяперашняга рэстарана “СК “ЮНА”), затым – у “Кастрычніку”.

Сястра: У арміі Міхаіл служыў у танкавых войсках у Адэсе. Захаваўся фотаздымак каля разгорнутага сцяга, што тады лічылася формай падзякі за службу… Прафесію кінамеханіка брат перадаў многім вучням. Калі ўчынялі памылкі, па поўнай атрымлівалі ад настаўніка. Але не крыўдзіліся, таму што гэта было справядлівае пакаранне. А захапленнем яго жыцця быў спорт.

Жонка: Наша знаёмства таксама звязана з футболам. У 1950-ыя матчы станавіліся вялікімі святамі для гараджан. Я ўбачыла Міхаіла на полі і закахалася з першага погляду. Вечарам прыйшла на танцы ў чыгуначны клуб. Пасля кінасеанса ён круціў пласцінкі. Пакінуў радыёлу на кагосьці з сяброў, запрасіў мяне на танец. Павальсіравалі… 8 сакавіка першы раз праводзіў мяне дадому, а 12 ліпеня зарэгістрыраваліся. Гэта быў 1955 год.

Сястра: З дзяцінства памятаю, як у першую палову дня мама ідзе ў царкву, у другую – на стадыён. Не прапускала ніводнага матча! Была актыўнай балельшчыцай: крычала ва ўвесь моц “Суддзю – на мыла!” ці іншыя слоганы разам з мужчынамі. Яе захапленню гульнёй не перашкаджаў і дождж. Футбалістам належыць іграць пры любым надвор’і, і яна стаіць пад парасонам, як адданы вартавы: як жа па-іншаму, сын – на полі…

Жонка: З прыгожа апранутымі дочкамі, усёй сям’ёй, мы ішлі на стадыён, любуючыся ігрой нашага таты. Потым стаў суддзёй. Іншы раз пашкадую якога-небудзь хлопчыка, якога за парушэнне адправіць на лаўку запасных, з-за чаго пацерпіць каманда. Вечарам кажу мужу: мог бы і падсудзіць! Ён абурана адказваў: “Як можаш думаць аб гэтым? Я суджу па правілах!”…

Сястра: Міхаіл быў механікам, як кажуць, ад Бога. Аўтамабіляў тады было мала, у асноўным – дзяржаўныя, многія службы звярталіся да брата з просьбамі аб рамонце. А матацыклы наогул усе прайшлі праз яго рукі!

Жонка: На стадыёне “Палессе” ішоў футбольны матч. Праз узмацняльнік паведамілі аб смерці Міхаіла Капралава. Ён не дажыў да 70-ці… Людзі ўсталі. Многія памяталі яго як футбаліста, многія былі ўзрушаны з другой нагоды: хто будзе рамантаваць машыны?..

Людміла Міхайлаўна – ветэран педагагічнай працы СШ №2, Таццяна Рыгораўна працавала ў магазіне “Кнігі”, што размяшчаўся ў старым асабнячку, дзе цяпер знаходзіцца краязнаўчы музей. Лунінчанкам ёсць з кім дзяліць настальгічныя ўспаміны аб мінулым. Яны заўсёды рады сустрэць сяброў з “чацвёркі мушкецёраў”, да якой належаў іх брат і муж.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть