Спорт

ДА ЗДАРОЎЯ – ПРАЗ СПОРТ

Мы пазнаёміліся з хлопчыкам і яго мамай пяць год таму. Вера Бакуновіч хвалявалася з-за цяжкага захворвання, якое выявілі ў сына. Максім жа яшчэ не ўсведамляў небяспекі чарнобыльскіх наступстваў. Малыш расказваў пра свае сур’ёзныя дзіцячыя справы і дзяліўся планамі на будучыню.

Днямі патэлефанавала і пацікавілася ў мамы, ці па-ранейшаму сын марыць пра неба? З усмешкай у голасе Вера Аляксандраўна адказала:

– Спусціўся на зямлю – захоплены футболам!

Дамовіліся аб сустрэчы з хлопчыкам. Максім хутка прыбег у рэдакцыю. Спытала, ці не складана было нас знайсці?

– Займаўся ў Цэнтры дзіцячай творчасці, таму добра ведаю гэту дарогу, – расказаў юны лунінчанін. – Год таму вучыўся інкрустацыі саломкай. Вельмі падабалася! Асабліва класна, што не трэба было ламаць галаву над падарункамі да святаў маме і сястры, – ствараў іх уласна ручна. Цяпер у доме вісяць мае пано – з ёжыкам, зайцам, кветкамі.

Старэйшая сястра Алеся – дзевяцікласніца СШ №4. Максім займаецца ў 6 “Б” класе СШ №2. На пытанне пра паспяваемасць гучыць звычайны адказ: “Нармальна”. Удакладняю: нармальна – гэта “дзясяткі” ці “пяцёркі”? Адмоўна качае галавой:

– “Дзясяткі” былі ў пятым класе – па спевах і фізкультуры. А “пяцёрак” імкнуся не дапусціць – у мяне вышэйшыя ацэнкі. Падабаюцца геаграфія і біялогія. Магчыма, таму, што гэтыя прадметы выкладае Аляксандр Пятровіч Хаўдзееў – мой любімы настаўнік. Так цікава разглядаць у мікраскоп малекулы і бактэрыі!

Але перад усімі захапленнямі Максім аддае перавагу спорту. Дысцыплінаваны на ўроках, тым не менш, прагне перапынку, каб хутчэй паганяць мяч з аднакласнікамі. Такія ж азартныя футбалісты – яго сябры Улад Дземідовіч, Мікіта Зыкаў, Жэня Пажывілка. Яны разам ходзяць і на секцыю ў ДЮСШ.

– Займаюся ў розных трэнераў, – удакладняе хлопчык. – У 9 гадзін – у Дзмітрыя Яўгенавіча Дырды, у 10.30 – у Міхаіла Мікалаевіч Аляшкевіча. Наша каманда – малодшая група “Базара”. Пакуль не ўдзельнічалі ў значных спаборніцтвах, але ў школьных – абавязкова. Вось дабудуюць новы стадыён – у нас пачнуцца сапраўдныя трэніроўкі!

Футбол – адзіная нагода Максіму прачнуцца ў 7 гадзін раніцы. У астатнія дні ён спіць да 9-ці – у школу ж ходзіць на другую змену. Паспявае і хатнія заданні падрыхтаваць, і маміны даручэнні выканаць. Як і ўсе дзеці, чакае лета – любімы пара года. Але калі для кагосьці канікулы – гэта адпачынак, Максім у пераліку летніх заняткаў перш-наперш называе паездку да бабулі з дзядулем у вёску, дзе нарадзіўся, – Сінкевічы. Дапамагае грабці сена, не цураецца іншых сялянскіх спраў. І за працай ці гульнямі чакае, калі бацька, які працуе на РУВП “Граніт”, прапануе выехаць на Прыпяць ці Белае возера.

– А на вадаёмы Пуркалка і Баханова мы і самі ходзім – з мамай ці сястрой, – дэманструе адносную самастойнасць хлопчык. – Хаця, канешне, самы любімы час – калі разам збіраецца ўся сям’я. Вось як на Вялікдзень, калі спачатку ў царкве пасвяцім святочныя пачастункі, а потым едзем у вёску. Лічу гэта сапраўдным шчасцем!

– А што ж тады для цябе спорт?

– Спорт – гэта здароўе!


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть