Спорт
ДОМАБУДАЎНІКІ ЎЗЯЛІ ВЕРХ
Міні-футбол
У суботу ў Палацы культуры «Граніт” адбыўся паўторны матч ½ Кубка Беларусі па міні-футболе.
Ужо тое, што «гранітаўцы” здолелі ўзняцца так высока, заслугоўвае высокай ацэнкі. Аднак, вопытны «МАПІД” у першым матчы на дамашняй пляцоўцы ўпэўнена перамог нашых землякоў з лікам 5:0. Прадказаць жа, чым закончыцца паўторная сустрэча, ніхто не рызыкаваў, улічваючы, што ў другім паўфінале «Дарожнік” пацярпеў фіяска ад «Барысава-900”. На тыя ж граблі домабудаўнікі наступаць не збіраліся, прадэманстраваўшы ў гасцях зладжаную і ўпэўненую гульню. У выніку падапечныя Аляксея Шаўчэнкі ўступілі з лікам 2:6.
ХХХ
У фінальным паядынку «МАПІД” перайграў «Барысаў-900” з лікам 3:2, і пасля 8-гадовага перапынку ў другі раз у сваёй гісторыі стаў уладальнікам Кубка Беларусі па міні-футболе.
Баскетбол
ПА ПРЫКЛАДУ ДЗЯЎЧАТ
У Луніне адбыўся фінал спаборніцтваў па баскетболе сярод юнакоў у рамках раённай спартакіяды школьнікаў.
За першае месца змагаліся чатыры мацнейшыя каманды. У першым матчы вучні мікашэвіцкай СШ №1 прайгралі дзятлаўчанам з лікам 24:39. У гульні паміж спартсменамі лунінецкай СШ №2 і Міжлескай СШ на вышыні аказаліся вяскоўцы – 57:37. Бронзавыя медалі дасталіся мікашэвіцкім баскетбалістам, якія абыгралі лунінчан 32:23. Перамогу святкавалі дзятлаўчане (як, дарэчы, і дзяўчаты). У рашаючым паядынку яны ўзялі верх над школьнікамі з Міжлесся – 31:28. Прыз лепшага іграка турніра ад аддзела па справах моладзі дастаўся Мікалаю Гушчэні (Міжлеская СШ).
Лёгкая атлетыка
ТРЭЦІЯ СЯРОД СПАРТЫЎНЫХ ШКОЛ КРАІНЫ
У рэспубліканскім першынстве па лёгкай атлетыцы, якое праходзіла ў Брэсце, прынялі ўдзел 21 лепшая спартыўная школа краіны, у іх ліку і Лунінецкая СДЮШАР.
Высокія вынікі паказаў Максім Наварыч, які стаў сярэбраным прызёрам у бегу на 1500 метраў і заняў чацвёртае – на дыстанцыі 3000 метраў. Заліковыя ачкі камандзе прынеслі Вадзім Коўшык, Таццяна Кіндрук, Алена Герасімчук, Наталля Дубіна, Ігар Кармужанін і Аляксандр Шыш. У агульным заліку Лунінецкая СДЮШАР заняла трэцяе месца сярод раённых спартыўных школ краіны, уступіўшы юным лёгкаатлетам з Светлагорска і Дуброўна.