Спорт
ДРУГАЯ “ВІКТОРЫЯ”
Баскетбол
Другі год запар пераможцай абласных спаборніцтваў па баскетболе сярод каманд устаноў прафтэхнавучання стала зборная Лунінецкага сельскагаспадарчага каледжа.
На базе гэтай навучальнай усановы сабраліся 8 мацнейшых каманд Брэстчыны. У фінальным паядынку за першае месца гаспадары без асаблівай складанасці перамаглі баскетбалістаў са Століна з лікам 74:37. Бронзавым прызёрам сталі юнакі Белаазёрскага ГПТКЭ.
За нашу каманду выступалі Сяргей Караваевіч, Андрэй Канановіч, Андрэй Каховіч, Аляксандр Жук, Максім Шадзько, Генадзь Калешка, Ягор Лукша, Віталь Удовін, Максім Алейнік (на здымку).
Капітан каманды Андрэй КАХОВІЧ:
– Мы шчаслівыя, што зноў дабіліся поспеху. Шмат трэніраваліся, таму выпадковай нашу перамогу нельга назваць. Да таго ж, нам спрыяла ўдача. Мы вельмі хацелі выйграць і дасягнулі пастаўленай мэты. Вялікі дзякуй дырэктару Фёдару Аляксеевічу Бірылу за новую форму. Вельмі прыемна, што ў нашым каледжы столькі ўвагі надаецца спорту.
Лёгкая атлетыка
НА ЕЎРАПЕЙСКІХ РУБЯЖАХ
У Парыжы завяршыўся Чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы ў закрытых памяшканнях.
У сямібор’і за нашу краіну выступалі Андрэй Краўчанка і наш зямляк Эдуард Міхан. Пакуль Эдуард не выйшаў на пік сваёй формы і застаецца крыху ў цені свайго больш тытулаванага калегу па камандзе. Андрэй роўна выступіў ва ўсіх дысцыплінах і стаў чэмпіёнам. Ураджэнец Лунінца ўстанавіў асабісты рэкорд у бегу на 1000 метраў – 2:37.51, паказаў лепшы вынік у сезоне ў скачках у вышыню (197 сантыметраў) і з шастом (4,5 метра). Аднак гэтага хапіла, каб замацавацца на 11 радку турнірнай табліцы.
МІЖНАРОДНЫ ЎЗРОВЕНЬ
У Мінску адбыліся міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы з удзелам юных спартсменаў з Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі і Беларусі, у якіх прынялі ўдзел пяцёра выхаванцаў Лунінецкай СДЮШАР.
Аляксандр Шыш у бегу на 60 метраў з бар’ерамі паказаў другі вынік – 8,81 секунды, а на такой жа «гладкай” дыстанцыі стаў бронзавым прызёрам – 7,44 секунды. Трэцяе месца на спрынцерскай 60-метроўцы паказала і Алена Герасімчук – 8,12. У кроку ад п’едэстала спыніліся Таццяна Кіндрук, Наталля Дубіна і Ігар Каружанін, якія занялі чацвёртыя месцы.
Валейбол
ПЕРАМОЖНЫ АКОРД «ГРАНІТА”
Правёўшы бяспройгрышную серыю матчаў на шляху да фінальнай стадыі чэмпіянату раёна па валейболе, «Граніт” парадаваў балельшчыкаў і ў яго фінальнай частцы.
На працягу трох дзён 4 мацнейшыя каманды – «Граніт”, «Феміда”, «Беларусбанк” і «Рэдзігерава” – аспрэчвалі чэмпіёнскі тытул. Кульмінацыйным стаў матч «Феміда” – «Граніт”. Ад яго выніка залежала, хто стане пераможцам. Выйграўшы першыя два сэты і захапіўшы лідэрства ў трэцім, пры ліку 20:15 «Феміда” не толькі прайграла рашаючы сэт, але і сустрэчу – 2:3. Гэта забяспечыла «Граніту” перамогу ў чэмпіянаце. «Беларусбанк”, які ў фінале не меў паражэнняў, стаў сярэбраным прызёрам. «Феміда” ў чарговы раз заняла трэцяе месца.
Лепшым іграком турніра прызнаны Барыс Веляскевіч («Феміда”), самым справядлівым суддзёй – Аляксандр Мірановіч.
Спартакіяда
СПАРТЫЎНАЯ СВЯТА
Першую спартакіяду работнікі ДРБУ-101 прысвяцілі Дню жанчын.
У спартыўнай зале сельскагаспадарчага каледжа разгараліся сапраўдныя баталіі. Ва ўпартай барацьбе ў валебольным турніры прарабскі ўчастак перамог зборную ІТР – 3:1. Інжынерна-тэхнічныя работнікі аказаліся мацнейшымі ў перацягванні каната. У дартсе не было роўных Івану Качановічу. У шашках перамог Канстанцін Бондар, у гіравым спорце – Юрый Яшчанка. Выдатныя здольнасці прадэманстраваў Віктар Курак у армрэстлінгу. Як адзначыў дырэктар Аляксандр Трухноў, спартакіяда ператварылася ў сапраўднае свята, а дасягненні мужчын па годнасці ацанілі жанчыны, якія падтрымлівалі калег на працягу ўсіх спаборніцтваў.
Міні-футбол
«НУЛЯВЫЯ” ТУРЫ
У двух апошніх турах чэмпіянату краіны па міні-футболе абедзве нашы каманды не здолелі зарабіць ніводнага ачка.
Выязны матч «Базар” праводзіў у Оршы з «ВітЭнам”. Пры даволі роўным паядынку, гаспадары ўсё ж аказаліся мацней і перамаглі з лікам 5:3. У лунінчан вызначыліся Бандарук і двойчы Наварыч.
Не пайшла гульня ў «Граніта” ў Нясвіжы з «Верасам”. Выйграшы першы тайм з лікам 2:1, мікашэвіцкія футбалісты прайгралі 2:6. Галы ў «гранітаўцаў” забілі Ярмоліч і Шаўчэнка.
У дамашніх матчах «Базар” прымаў «Барысаў-900”, а «Граніт” – «Камунальнік”. Першая палова абодвух сустрэч завяршылася нячыйным вынікам – 3:3. Аднак з перавагай у адзін мяч госці выйгралі паядынкі адпаведна – 5:4 і 7:6.
12 сакавіка светлагорскі «ЦКК” будзе прымаць «Граніт”, а «Лідсельміш” – «Базар”.