Спорт

ДВАЙНЫ ЧЭМПІЁН – ДАТЭРМІНОВА

Нягледзячы на тое, што мотабольная каманда “Лунінец” яшчэ не згуляла ўсе матчы, можна з упэўненасцю гаварыць пра іх сёлетнюю двайную перамогу –Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь і Цэнтральна-Еўрапейскай лігі.
Гульню ў нядзелю з  пінскім “Аўтамабілістам” можна па праву лічыць адной з лепшых у гэтым сезоне: лунінчане вызначаліся арганізаванасцю, згуртаванасцю, добрымі перадачамі і хуткасцю, чаго не назіралася ў пінчан. Уласавец па-ранейшаму імкнуўся “цягнуць гульню” на сябе, аднак такая тактыка ўжо даўно не праходзіць. Таму і невыпадкова, што ў першым перыядзе нашы землякі забілі 4 мячы, у другім дадалі пяць, і яшчэ чатыры – у апошнім. Пінчане змаглі адказаць толькі двума галамі. Па пяць разоў вызначыліся Мікалай Бойка і Алег Ісаеў, тройчы – Анатоль Багданец.
Аб тым, як складваўся сёлетні сезон для “Лунінца” папрасілі расказаць начальніка каманды, гуляючага трэнера Аляксандра Бабіча:
– Вельмі рады, што ў чарговы раз каманда здолела рэалізаваць свой патэнцыял – гэта бачна па выніках матчаў. І калі ў самай першай гульні з “Аўтамабілістам”, а таксама на выездзе з “Антрацытам” гулялі крыху стрымана і асцярожна, то астатнія сустрэчы праходзілі за яўнай перавагай “Лунінца”. На жаль, тэхніка, на якой гуляем, далёка не новая. Гэта таксама дае свой адбітак. Як і раней значна ўплывае фінансавае становішча. З-за гэтага не змаглі прымаць удзел ва Усходне-Еўрапейскай лізе. Як і ў папярэднія годы – там заяўлены моцныя расійскія каманды. Сустрэчы з імі дазволілі б развівацца, адточваць майстэрства. Вельмі падабаецца, як пабудавана работа ў від-наўскім “Металургу”. Юнакі прыходзяць у клуб з азартам і жаданнем, старанна займаюцца, а потым самыя лепшыя трапляюць у асноўны састаў каманды. На жаль, з-за адсутнасці тэхнікі, не можам гэтак жа паўнацэнна займацца з нашай зменай. Вельмі добра, што гэту нішу запаўняе маладзёжная каманда “Ракета”. Бо ў нашым відзе спорту, як і ў астатніх, галоўнае – своечасова заўважыць, падхапіць і развіць. 
Вельмі хацелася б, каб не заставалася ў баку ад мотабола ДТСААФ. Яго прадстаўнікі маглі б стаць сувязным звяном паміж камандамі, своеасаблівым кіруючым цэнтрам. У ідэале – куратарам, які цэнтралізавана набываў бы тэхніку, экіпіроўку, запчасткі, кансультаваў па розных пытаннях. Пакуль жа каманды “варацца” самастойна.
Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць фермерскім гаспадаркам “Навіцкага”, “Зіновій”, “Рафінад”, “Палакян”, “Макейчык”, “Емельяновічы”, “Слуцкае”, “Грычынскае”, “Насковічы”, “Яраховіч”, “Якубовічы”, “Борскае”, “Сыцэвіч”, “Насеня”, “Выток”, “Бярозка” і “Раковіч”, індывідуальнаму прадпрымальніку Генадзю Канапацкаму. Значную дапамогу, як і ў папярэднія гады, аказваюць прадстаўнікі райвыканкама на чале з Васілём Агіевічам. Чатыры камплекты абмундзіравання сёлета закупіў ААТ “Лунінецкі малочны завод”. А яшчэ прыемна, што ў горадзе любяць мотабол і прыходзяць на матчы падтрымаць каманду. Гэта вельмі патрэбна. Імкнемся ўтрымліваць стадыён у належнай форме, косім, рамантуем, фарбуем. Прапануем кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам размяшчаць сваю рэкламу на расцяжках на бартах, а таксама агучваць яе ў перапынках паміж перыядамі.
Бліжэйшы месяц – вельмі загружаны. 25 жніўня ва Украіне ў Камянец-Падольскім пройдзе турнір памяці В. Корасцеля, 26-га ва Уладзімірцы – два матчы ў Дзень горада. Гэтыя гульні – адначасова падтрымка мотабола ў тым рэгіёне, спроба аднаўлення раней існаваўшых каманд. Калі ўсё будзе добра, то 1 верасня згуляем дома таварыскі матч з нямецкай камандай “Упштат Вайер”. 14-16 верасня нас запрасілі ў Кіраўскае, дзе ў чарговы раз прымем удзел у турніры, прысвечаным гарнякам і здабываючай прамысловасці. Папярэдне на канец верасня запланаваны Кубак Рэспублікі Беларусь, які, магчыма, пройдзе ў Лунінцы, што дазволіць годна заявіць пра 45-годдзе мотабола ў раёне. Вельмі прыемна, што каманду ведаюць і запрашаюць на розныя спаборніцтвы і турніры. З-за напружанага графіка, вымушаны былі адмовіцца ад паездкі на спаборніцтвы ветэранаў мотабола Літва-Латвія.
Упэўнены, наперадзе шмат новых цікавых гульняў. Магчыма, некалі ажыццявіцца і наша прапанова – праводзіць Чэмпіянат Еўропы па прынцыпу цяперашніх ліг – ад краіны па некалькі мацнейшых каманд. Вось гэта будзе ўзровень! А “Лунінец” і далей будзе радаваць вас добрай гульнёй і прыемнымі хвілінамі адпачынку.
Запісаў Аляксандр КОЎКА.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть