Спорт
ДВОЙЧЫ ДРУГІЯ
Спартакіяда
Лунінец прымаў удзельнікаў занальнага тура абласной спартакіяды «Вертыкаль”.
Каманды работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў г. Пінска, Пінскага, Столінскага, Іванаўскага і Лунінецкага раёнаў вітаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч.
Згодна з жараб’ёўкай як у міні-футболе, так і валейболе нашымі сапернікамі выступілі іванаўцы. У абодвух стартавых паядынках лунінчане святкавалі перамогу з адпаведным лікам 10:0 і 2:0.
У барацьбе за першае месца ў валейболе змагаліся з камандай Столінскага раёна, якая была мацнейшай. За выхад у фінал спаборніцтваў па міні-футболе, які адбудзецца ў Баранавічах, напружаная барацьба разгарнулася паміж прадстаўнікамі «вертыкалі” Лунінецкага раёна і горада Пінска. Госці аказаліся крыху ўдачлівее і перамаглі з лікам 2:0.
Турызм
ЧАТЫРЫ ДЫПЛОМЫ
прывезла лунінецкая каманда з ХХІІ абласнога турзлёта работнікаў устаноў адукацыі, які адбыўся ў Целеханах Івацэвіцкага раёна.
Восем самых вопытных спартсменаў з ліку настаўнікаў на чале з дырэктарам цэнтра турызма Артурам Пуляком трымалі выпрабаванне ў тэхніцы пешага і воднага турызма, дэманстравалі майстэрства ў ваджэнні валасіпеда, эстафеце і розных конкурсах. У выніку напружанай барацьбы лунінчане занялі другое агульнакаманднае месца.
Кёкусінкай Будо каратэ
У ПОШУАХ ІСЦІНЫ
(Працяг. Пачатак у № 77 за 07.10)
КУМІТЭ – ПАЯДЫНАК
Рэчаіснасць нашых дзён – захаванне традыцыйнага каратэ як здаровага ладу жыцця і адначасова мастацтва самаабароны. У спартыўных адзінаборствах цэняцца байцы, пра якіх кажуць, што валодаюць сілай слана, хуткасцю гепарда, вынослівасцю каня, смеласцю льва і мудрасцю дракона.
Падчас спартыўнага паядынка, які максімальна набліжаны да рэальнага бою, спартсмены дэманструюць фізічную моц, уменне трымаць удары, цярпець боль, заховаючы баявы дух і волю да перамогі. Акрамя гэтага, кумітэ дае магчымасць фарміраваць здольнасць і падрыхтаванасць супрацьстаяць любой бяспекі, а таксама некалькім, у тым ліку ўзброеным праціўнікам. Згодна з гэтымі прынцыпамі, паявілася магчымасць, не адмаўляючыся ад спартыўных паядынкаў, пераасэнсаваць іх значэнне ў агульным кантэксце каратэ як воінскага мастацтва.
КІХОН – ДУША КАРАТЭ
Пачынаючы займацца каратэ, адразу сутыкаешся з вывучэнне асноў руху, прынцыпамі нанясення ўдараў. Гэта значыць, што нанава даводзіцца вучыцца хадзіць і наносіць удары.
Толькі потым у гэтых рухах пачынаеш узнаваць знаёмыя стэрыятыпы, але даведзеныя да ўдасканалення. Заняткі кіхонам – гэта цяжкая, карпатлівая і ў той жа час карысная і цікавая работа. Кіхон спрыяе паскарэнню засваення элементаў, якасці выканання тэхнікі, фарміруе дух калектывізму. Сумесная работа стварае агульную аўру залы, якая быццам аб’ядноўвае вучняў у агульны духоўны арганізм.
Церпячы боль ад удараў кулакамі, баец вучыцца супрацьстаяць рэальнай небяспецы, блакіруючы ўдары. Ён ведае, што кожны прапушчаны ўдар караецца болем. Такім чынам, выпрацоўваецца інстынкт самазахавання. Арганізм у сваю чаргу нясе страты, але, з’яўляючыся высокаарганізаванай і збалансаванай сістэмай, мае трывалы падмурак у выглядзе здароўя чалавека. Кіхон (работа без партнёра) – не бессэнсавае маханне рукамі і нагамі, а адпрацоўка сістэмы, заснаванай на ведах анатоміі і біямеханікі арганізма.
Работа ў кіхоне – гэта ідэал, да якога траба імкнуцца ў баі, і дасягнуць якога не так проста. Трэба памятаць, што каратэ – шлях да самапазнання і самаўдасканалення. Працаваць над кіхонам можна бясконца, таму як няма мяжы дасканаласці. Як паказвае вопыт, цалкам ўпэўнены ў сябе вучань, а майстар заўсёды сумняваецца.
Дзмітрый КАРАСЁЎ. (Працяг будзе).
Мііні-футбол
ДЭМАНСТРУЮЦЬ ЦІКАВУЮ ГУЛЬНЮ
ігракі «Базара” ў гэтым сезоне, а вось «Граніт” як забуксаваў на старце, так і ніяк не могуць выйсці з гэтага становішча.
У Лунінцы падапечныя Віктара Грыневіча сустракаліся са сталічнай камандай «Дынама-БНТУ”. І хаця першая палова сустрэчы не парадавала балельшчыкаў (1:2), у другой лунінчане рэабілітаваліся, забіўшы 6 безадказных голаў. У выніку – упэўненая перамога з лікам 7:2. У нашай камандзе вызначыліся Наварыч, Санюковіч, Сашнянін, Троцкі, Сазонаў, Колас (2).
У Мікашэвічах «гранітаўцаў” чакала пятае ў гэтым сезоне расчараванне. Госці, на гэты раз «Барысаў-900”, не пакінулі шанцаў гаспадарам. На чатыры галы ў першым тайме мікашэвіцкія футбалісты адказалі толькі адным. Нічога яны не змаглі прадпрыняць і ў астатнія 20 хвілін, хаця ў сярэдзіне 2-га тайма намаганнямі Міхнюка, Шаўчэнкі і Кіслюка ліквідавалі адрыў (3:4). І ўсё ж, барысаўчане перамаглі – 6:3.
У суботу, 15 кастрычніка, «Граніт” згуляе на выездзе з гомельскім «БЧ”, а «Базар” у Баранвічах правядзе паядынак з «Гаспадаром”.
футбол
ВОСЬМАЯ НІЧЫЯ
У чарговы раз расчараваў сваіх балельшчыкаў рэчыцкі «Ведрыч-97”, які на сваім полі прымаў мікашэвіцкі «Граніт”.
Сапраўды «моцным арэшкам” аказаліся нашы землякі, які не толькі выглядалі годна, але і першымі адкрылі лік у матчы. Зрабіў гэта Дзмітрый Хаміцэвіч. Але свята на вуліцы «гранітаўцаў” доўжылася ўсяго 7 хвілін. Менавіта столькі часу спатрэбілася гаспадарам, каб зраўняць лік. Раўнавага захавалася да фінальнага свістка – 1:1.
У суботу, 15 кастрычніка, на стадыёне «Палессе” адбудзецца матч з удзелам каманд «Граніт” і «Слуцк”. Пачатак гульні ў 15 гадзін. Білеты можна набыць у касах стадыёна з 12.00.