Спорт
ЕЎРАПЕЙСКІЯ ГУЛЬНІ
Ва ўкраінскім Вазнясенску завяршыўся Чэмпіянат Еўропы па мотаболе. Удзел у ім прымала і зборная Беларусі. Паспрабуем расказаць пра гульні ў некалькіх радках.
Расія – Беларусь – 8:2 (Сасніцкі — 3, Крыштопа – 2, Ліпінскіх – 2, Цароў; Клімавец, Купрыянчык).
На першы і прынцыповы матч беларускія мотабалісты выйшлі асноўным саставам. Аднак, літаральна першая ж атака расіян завяршылася голам. Перавага над землякамі была відавочнай, таму і канчатковы лік – не выпадковы.
Украіна – Беларусь – 3:6 (Бабанаў, Бойка, Паўлоўскі; Уласавец – 3, Бойка – 2, Ісаеў).
Шмат цікавых камбінацый, спроба беларусаў наладзіць камбінацыйную гульню ў пас, дакладныя ўдары па варотах… У выніку – перамога!
Галандыя – Беларусь – 1:7 (Лойманс; Бойка – 3, Уласавец – 2, Ісаеў, Багданец).
У гэтым паядынку беларусам перамога, ды з лікам як мага большым, была неабходна як паветра. Сапернікі атакавалі хутка і небяспечна. Жаданне забіць галы прыводзіла да памылак. Астудзіў гарачыню моцны дождж, з-за якога гульню спынілі на паўгадзіны. Пасля яна пайшла зусім па-іншаму, і мячы адзін за адным пакаціліся ў вароты галандцаў.
Германія – Беларусь – 4:0 (Вальц, Гербер, Тапкайя, Зін)
Зыходзячы з тактычных меркаванняў трэнеры беларускай зборнай пакінулі ў рэзерве шэраг асноўных ігракоў. Дзве першыя атакі немцаў прывялі да двух забітых галоў, а ў самым пачатку другога перыяду – да яшчэ аднаго. Беларусы мелі некалькі момантаў, каб паразіць вароты саперніка, але не скарысталіся імі. А напрыканцы матча з-за разрозненасці дзеянняў наогул атрымалі самы нелагічны гол.
Можна сказаць, што гэта была генеральная рэпетыцыя перад паўфіналам з той жа зборнай Германіі.
Вынікі астатніх матчаў:
Украіна – Галандыя – 10:4 (Касцюк – 4, Бабанаў – 4, Бойка — 2; Лойманс – 2, Хоубен – 2),
Германія – Галандыя – 7:3 (Рэціх – 3, Лосканд – 2, Зін, Гербер; Лойманс – 2, Хоубен),
Германія – Расія – 0:2 (Ліпінскіх, Сасніцкі),
Расія – Галандыя – 10:1 (Крошка – 5, Цароў – 2, Лепінскіх – 2, Гусеў; Хоубен),
Украіна – Германія – 3:7 (Бойка, Бабанаў, Касцюк; Рэціх – 4, Гербер – 2, Лосканд),
Украіна – Расія – 1:14 (Крыштопа -4, Гусеў – 4, Цароў – 3, Лепінскіх – 2, Крошка; Бабанаў).
Паўфіналы
Беларусь – Германія – 3:4 (Уласавец – 2, Ісаеў; Тапкайя – 2, Рэціх, Гербер).
З першых хвілін беларуская дружына стала іграць «першым нумарам”. Нямецкія мотабалісты, адбіваючы націскі, значна пагражалі землякам. Нашы ж трымаліся да апошняга і рэалізоўвалі прыгожыя гульнявыя сітуацыі. І некаторы час – нават былі наперадзе, толькі вось фартуна спадарожнічала немцам. На апошні перапынак зборная Беларусі пайшла, прайграючы адзін мяч. Такі лік застаўся да канца матча. Гэта перашкодзіла сустрэцца з расіянамі ў барацьбе за першае месца.
Расія – Украіна – 9:1 (Цароў – 4, Крошка – 2, Лепінскіх – 2; Гусеў, Касцюк).
Матч за 3-4 месцы: Украіна – Беларусь – 2:8 (Касцюк – 2; Бойка – 2, Уласавец – 2, Дзікавіцкі, Купрыянчык, Ісаеў, Багданец).
Гульня праходзіла ва ўпартай барацьбе. На вышыні быў Аляксандр Калюціч, які адразіў самыя небяспечныя ўдары ўкраінцаў.
Зборная Беларусі – бронзавы прызёр Чэмпіянату Еўропы 2011 года па мотаболе.
Гэта – чацвёртая бронза нашай зборнай. Раней беларусы займалі трэцюю ступень п’едэстала ў 1999, 2003 і 2006 гадах. Найбольшага поспеху нашы землякі дабіліся ў 2004 годзе, калі выйгралі золата. Яшчэ 7 раз Беларусь станавілася сярэбраным прызёрам Чэмпіянатаў Еўропы.
Фінал: Расія – Германія – 4:2 (Крыштопа – 2, Гусеў, Сасніцкі; Зін – 2).
Расіяне правялі матч на высокай хуткасці, паказаўшы, па вялікім рахунку супермотабол! Першы перыяд завяршыўся з лікам 3:0 на іх карысць. Усе спробы немцаў прабрацца да варатарскай адразу ж спыняюцца. Нават перавага ў колькасці ігракоў не дапамагла ім забіць хоць адзін мяч у вароты сапернікаў. Апошнія некалькі хвілін расіяне гуляюць зусім лёгка, чым карыстаюцца немцы. Зборная Расіі – ў чарговы раз Чэмпіён Еўропы!