ФІЗКУЛЬТУРА – ЛЮБІМЫ ПРАДМЕТ
Так было далёка не заўсёды. Аздараўленне ў санаторыі «Чабарок” дапамагло мне кардынальна змяніць адносіны да заняткаў спортам.
І гэта не толькі таму, што тут на высокім узроўні арганізавана работа фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Штодня наведвалі спартыўную і трэнажорную залы, басейн. Колькі задавальнення прынесла зімовая рыбалка, на якой была ўпершыню ў жыцці! Якімі шчаслівымі былі мы пасля прагулак на лыжах і катання на каньках!
І ўсё гэта прыйшло не само па сабе, а дзякуючы выкладчыку фізкультуры Аляксандру Аляксеевічу Мірановічу, які ў санаторыі быў нашым выхавальнікам. Ён актыўна прыцягваў нас да фізічных нагрузак. Другая выхавальніца – выкладчык спецдысцыплін Ірына Васільеўна Хартановіч – займалася з намі фітнесам. Дамоў мы вярнуліся не толькі здаравейшымі, але і страйнейшымі, нягледзячы на вельмі добры апетыт. Галоўнае ж – пасябравалі з фізкультурай, урокаў якой з нецярпеннем чакаю.
Ганна КАНАПАЦКАЯ, навучэнка 14 групы прафліцэя прыборабудавання.