Спорт
Форварда называлі “ЧЫТА”
У №32 «ЛН” за 29.04 нагадалі чытачам аб 100-годдзі беларускага футболу і звярнуліся да лунінчан з прапановай падзяліцца звесткамі аб развіцці гэтага захаплялючага віду спорту ў Лунінцы. Рады былі сустрэчы з Інай Міхайлаўнай СЫСМАН, чый бацька ў 1950-ыя быў вядомым футбалістам…
Продкі суразмоўніцы паявіліся ў Лунінцы з будаўніцтвам чыгункі. Канстанцін Слізень з жонкай Марыяй выхавалі дачку і сямёра сыноў. Міхаіл быў перадапошнім. Працаваў на станцыі Лунінец: спачатку кандуктарам, потым правадніком. У вольны час захапляўся рыбалкай, зборам грыбоў. У кастрычніку 1947-га Міхаіл Слізень абвянчаўся з Ларысай Міхан.
– Мама – малодшая з сямі дзяцей таксама з сям’і чыгуначніка, – расказвае Іна Міхайлаўна. – У 1940-ым вучылася на бухгалтарскіх курсах у Маскве. Працавала па спецыяльнасці на бойні, раённых электрасетках. Замуж выходзіла сіратой. Дзеда Аляксандра, якому было 72 гады, і 64-гадовую бабулю Сцепаніду фашысты расстралялі на Баханова 9 мая 1944-га…
Дзякуючы брату жаніха, які быў рэгентам царкоўнага хору, са скляпенняў Свята-Крыжаўзвіжанскага храма апускалася на стужках ікона Божай Маці «Пачаеўская”, адна са святыняў Лунінца. Праз некалькі год маладая сям’я пабудавала свой дом. Калі паявіліся дзеці, жанчыне вельмі дапамагло ўменне шыць. Дзякуючы самаробным сукенкам, яна заўсёды цудоўна выглядала сама і прыгожа апранала дзяцей.
– Адно з самых яркіх уражанняў дзяцінства, – светла ўсміхаецца Іна Міхайлаўна, – як у лепшых убраннях мама і мы, дзве дачкі, ідзем на стадыён. Уваход на матчы быў платным, але тата выбягаў з поля і праводзіў нас, гордых падобным выключэннем, без білетаў. Зразумела, нас, малых, гульня не магла цікавіць. Мы проста круцілі галовамі па баках, шчаслівыя ўвагай балельшчыкаў да дзеянняў нашага таты. Удзячна, што ўспаміны пра футбалістаў з яркімі характарыстыкамі іх спартыўных вартасцей у свой час у газеце занатаваў Леў Леанідавіч Коласаў…
У пасляваенныя часы футбольныя матчы на стадыёне «Лакаматыў” у Лунінцы станавіліся вялікай падзеяй, сапраўдным святам, на якое спяшаліся сем’і не толькі спартсменаў. Футбол быў захапленнем жыцця Міхаіла Слізеня. Ён іграў майстарскі, меў сваю асаблівую, філігранную тэхніку гульні. Амаль заўсёды забіваў галы пад крыкі балельшчыкаў: «Чыта! Чыта!” – такую мянушку далі яму фанаты – быў рухомым і спрытным, як малпа. А іншыя лунінчане называлі футбаліста «Цыбуля” (па-беларуску) – дапякаў праціўнікаў. У камандзе (задоўга да эры «Бітлз”) выдзяляўся доўгімі валасамі, якія зачэсваў назад. У час матчаў апранаў на галаву насоўку, завязваючы чатырма вугалкамі.
– Бацька быў адкрытым, гасцінным чалавекам, – успамінае Іна Міхайлаўна. – Любіў, каб у доме былі кампаніі, каб госці весяліліся. Спакойнай маме часта не па душы былі застоллі. Пры ўзнікненні спрэчак тата заўсёды першым прасіў прабачэння. Калі яна працягвала вытрымліваць характар, укленчваў і цалаваў рукі: «Любімая Ларыса, не ўзнімуся, пакуль не даруеш”…
На адным са здымкаў, верагодна, канца 1950-ых, адлюстравана каманда «Лакаматыў” паравознага дэпо Лунінец. Футбалісты апраналіся ў яркую форму: белыя трусы і вішнёвага колеру з белай палоскай майкі. Міхаіл Слізень стаіць крайні справа.
Валодаючы здольнасцямі майстра, у 1960-ыя стаў загадчыкам гаспадаркі ў школе-інтэрнаце. Відавочна, на здароўі адбіліся празмерныя фізічныя нагрузкі маладосці. Скардзіўся на болі ў грудзях, але ўрачы не выяўлялі хвароб у спартыўнага выгляду мужчыны. Яго смерць прыспешыў такі выпадак. Па просьбе адной з настаўніц калега араў агарод. Конь перавярнуў воз. Міхаіл Канстанцінавіч, прыклаўшы неймаверныя намаганні, спрабаваў паставіць воз на месца. Гэта яму не ўдалося – упаў і сам. І не ўзняўся. Яму не споўнілася і 50-ці. Прычынай смерці названы шырокі інфаркт…
Жонка перажыла мужа больш чым на 20 год. Адна аддавала замуж дочак, радавалася нараджэнню ўнукаў. Леаніла з дачкой Таццянай жывуць у Гродна, як і другі ўнук – сын малодшай дачкі. Іншае прозвішча ў дзвюх праўнучак Міхаіла Канстанцінавіча. У Лунінцы памяць аб бацьку захоўвае Іна Міхайлаўна. На заводзе электрарухавікоў яна працавала зваршчыкам – адзіная сярод мужчын брыгады! Атрымаўшы льготную пенсію ў 50 год, не сядзіць без справы – прыбірае памяшканні дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву. Лёгка працуецца побач са стадыёнам, які выклікае адчуванне самых шчаслівых імгненняў жыцця…