Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Бернд ШТАНГЕ: “ЦЯПЕР Я ВЕДАЮ, ШТО ТАКОЕ “ГРАНІТ”…”
Слова “Граніт” вядомы спартыўны функцыянер ужыў як у прамым, так і ў пераносным сэнсе, маючы на ўвазе футбольны клуб з аднайменнай назвай пасля яго гульні з фаварытам сёлетняга чэмпіянату барысаўскай камандай “БАТЭ”.
У спартыўных колах ніхто, бадай, не чакаў, што пераможнае шэсце лідэра і чэмпіёна спыніць каманда, якая сёлета замацавалася “ў хвасце” турнірнай табліцы. Аднак вельмі прыемна, што менавіта нашы землякі зноў аказаліся не “па зубах” славутаму клубу: летась каманда братоў Бахно двойчы ўнічыю згуляла з “БАТЭ”, а сёлета зноў пацвердзіла статус непераможных для барысаўчан сапернікаў.
Пасля перапынку “БАТЭ” працягваў атакаваць вароты “Граніта”, але безвынікова. А вось нашы землякі ўдала скарысталі вуглавы каля варот саперніка: Булойчык з блізкай адлегласці без промаху адправіў мяч у сетку барысаўчан.
Нягледзячы на зразумелае расчараванне тамтэйшых балельшчыкаў (іх у сярэднім на барысаўскім стадыёне збіраецца да 5000), яны апладысментамі праводзілі футбалістаў “Граніта”. А галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Бернд Штанге пасля матча асабіста павіншаваў кожнага з нашых футбалістаў-землякоў, сказаўшы знамянальную фразу: “Цяпер я ведаю, што такое “Граніт”…”
23 мая, у суботу, у нашых балельшчыкаў будзе выдатная магчымасць падтрымаць землякоў. На гарадскім стадыёне “Палессе” адбудзецца матч 9-га тура Чэмпіянату краіны па футболе з удзелам каманд “Граніт” (Мікашэвічы) і “Нёман” (Гродна).