І ЗНОЎ НА ВЫШЫНІ ГАСПАДАРЫ
Не зусім удала правёўшы стартавы круг, мікашэвіцкія валейбалісты ў фінале абыгралі “ЦБУ-119”.
Аналізуючы, як праходзіў чэмпіянат раёна па валейболе, нельга не звярнуць увагу, што з першых матчаў выдзеліць рэальнага лідэра было складана. Найбольш удала стартавы адрэзак пераадолелі “Феміда” і “СВК “Рэдзегераўскі”, а вось няўпэўненасць “ЦБУ-119” нараджала чуткі, што каманда наўрад ці будзе прэтэндаваць на “золата”. Цяпер жа можна сказаць, што, хутчэй за ўсё, гэта была тактычная барацьба, а гульні плэй-оф расставілі кропкі над “і”.
Баявы настрой “Феміды”, з якім яна выйшла на пляцоўку Палаца культуры “Граніт” у фінальным матчы за трэцяе месца з “СВК “Рэдзігераўскі”, пакідаў невялікія шанцы саперніку на перамогу. І хаця барацьба была ўпартая ва ўсіх трох партыях, “служыцелі закона” даказалі, што заваяваных пазіцый яны губляць не збіраюцца, стаўшы трэці год запар бронзавымі прызёрамі.
Даўняе саперніцтва “Граніта” і “банкіраў”, якія сёлета прадстаўлялі каманду “ЦБУ-119”, звяло іх у матчы за першае месца. Мікашэвіцкія балельшчыкі верылі ў сваю каманду і ўсімі сіламі падтрымлівалі яе. Аднак “ЦБУ-119”, які неаднаразова даказваў, што можа перамагаць “Граніт” нават на яго пляцоўцы, таксама не збіраўся ўступаць.
Вырашальнай стала апошняя, пятая партыя. Яна самая кароткая, гуляецца да 15 ачкоў, таму каманды разумелі, што кожная памылка можа прывесці да паражэння. І тут сваю ролю выканалі мікашэвіцкія балельшчыкі, якія сваімі эмоцыя дапамаглі сваёй камандзе ў чарговы раз заняць першае месца ў чэмпіянаце раёна.
Калі гаварыць аб шанцах “ЦБУ-119”, то яны здаецца і былі, але вельмі невялікія, улічваючы, што каманда гуляла ўсе 5 партый практычна без замен. Да таго ж, і ўзрост асобных ігракоў, у прыватнасці, Васілю Гарапучыку 64 гады. Варта з павагай адносіцца да яго спартыўнай заўзятасці, але ў такім узросце складана канкурыраваць з крыху “амаладзіўшыміся” “гранітаўцамі”. Ніколькі не хачу пакрыўдзіць паважанага Васіля Васільевіча, яго імкненне да здаровага ладу жыцця і, трэба сказаць, выдатная спартыўная форма, з’яўляюцца прыкладам для пераймання.
А ў спорце ўсё ж перамагаюць мацнейшыя. На гэты раз – “Граніт” у складзе Віктара Ярмольчыка (ён прызнаны лепшым іграком чэмпіянату), Льва Шчарбакова, Генадзя Арла, Юрыя Ражкова, Віталя Мяхведзя, Сяргея Серадовіча, Дзмітрыя Лаўніковіча, Андрэя Даніловіча, а таксама гуляючага трэнера і капітана каманды Леаніда Дубовіка. Апошні падзяліўся сваімі ўражанням:
– Першы год з’яўляюся трэнерам, таму хацелася выступіць выдатна і не падвесці балельшчыкаў, якія так актыўна нас заўсёды падтрымліваюць. Думаю, што гэты экзамен мы вытрымалі годна. Дзякуй усім, хто верыў у нашу перамогу.
Футбол
У ЧАКАННІ ЖАРАБ’ЁЎКІ
Сёння, 12 сакавіка, у Мінску адбудзецца жараб’ёўка футбольных каманд, якія выступяць у нацыянальным чэмпіянаце ў першай лізе. У іх ліку – і мікашэвіцкі “Граніт”.
Рыхтуючыся да сезона, каманда кожныя выхадныя праводзіць спарынгавыя гульні. У мінулую суботу “гранітаўцы” абыгралі футбольны клуб “Баранавічы” – 3:0. Вызначыліся Кірыл Шрэтар, Дзмітрый Хаміцэвіч і Вадзім Бойка.
У суботу, 13 сакавіка, на стадыёне “Палессе” адбудзецца яшчэ адзін матч паміж гэтымі камандамі. Пачатак у 13.00.
ЗАДАЧУ МІНІМУМ ВЫКАНАЛІ
На стадыёне “Палессе” на працягу трох дзён 6 каманд Брэстчыны вялі барацьбу за выхад ў чвэрцьфінал абласнога першынства па футболе сярод юнакоў 1996-97 гадоў нараджэння.
Лунінчане не падвялі чаканняў сваіх трэнераў Міхаіла Аляшкевіча, Дзмітрыя Дырду і Анатоля Міхневіча. Юныя футбалісты занялі другое месца ў занальных спаборніцтвах і цяпер яны сустрэнуцца з равеснікамі з Баранавіч. Па выніках двух матчаў вызначыцца пераможца, які працягне барацьбу ў фінальных паядынках.
Баскетбол
У ФІНАЛЕ 8 МАЦНЕЙШЫХ
У першынстве вобласці па баскетболе сярод устаноў прафтэхнавучання прымалі ўдзел 32 каманды. 8 мацнейшых з іх у гэтыя дні аспрэчваюць лідэрстве ў фінале, які праходзіць на базе Лунінецкага ДПТК СВ.
У першы дзень спаборніцтваў гаспадары ўзялі верх над баскетбалістамі ДПТК-7 г. Белазёрска – 57:47. Навучэнцы брэсцкага ДПТКП перамаглі івацэвіцкі ДПЛ СВ з лікам 68:46. У складанай барацьбе баранавіцкі ДПЛС узяў верх над сапернікамі са столінскага ДПТЛ СВ – 62:54. Брэсцкія “чыгуначнікі” абыгралі кобрынскі ДПТКС – 72:66.
Барацьба працягваецца. Жадаем поспеху нашым землякам.
Анонс
ПАМЯЦІ МАШЭРАВА
У суботу, 13 сакавіка, стартуе турнір па баскетболе памяці П.М. Машэрава. Урачыстае адкрыццё адбудзецца ў лунінецкай СШ №4. Пачатак у 10.00.
Міні-футбол
У ЛІДЗІРУЮЧАЙ ПЯЦЁРЦЫ
20 тур чэмпіянату краіны па міні-футболе не абышоўся без сенсацый: чэмпіён “ВітЭн” пацярпеў паражэнне ад “Дынама-БНТУ” – 0:2.
Што датычыць нашых каманд, то іх стабільнае выступленне радуе. “Граніт” у Светлагорску без асаблівай цяжкасці перамог “ЦКК” – 6:2. Вызначыліся Самусевіч, Шылоўскі, Шаўчэнка, Лямешка і двойчы Кіслюк, які прапусціць наступны матча з-за трэцяй заробленай “жоўтай” картачкі.
“Базар”, які таксама гуляў у гасцях, узяў ачко ў матчы з “Барысавам-900” – 6:6.
Аўтарамі забітых мячоў у нашай камандзе сталі Бярозка, Красоўскі, а таксама Бандарук, які чатыры разы паразіў вароты саперніка. Да таго ж, Вадзім узначаліў спіс бамбардзіраў. На яго рахунку 30 галоў!
У нядзелю, 14 сакавіка, “Граніт” сустрэнецца з “Барысавам-900”, а “Базар” – з аўтсайдэрам “Нёманам”. Пачатак матчаў у 14.00.