“КЛЕТАЧНЫЯ” РАЗБОРКІ
Шашкі
У нядзелю, 12 лютага, у Бродніцкім сельскім клубе
адбудзецца першынство раёна па рускіх шашках.
Да ўдзелу ў спаборніцтвах запрашаюцца каманды працоўных
калектываў у складзе 2 мужчыны і 1 жанчына. Пачатак у 10 гадзін.
Валейбол
З НОВЫМІ СІЛАМІ
Політэхнічны каледж збірае лепшыя жаночыя і мужчынскія
валейбольныя каманды. Менавіта тут 11 лютага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё
чэмпіянату раёна. Пачатак у 10 гадзін.
Гульні будуць праходзіць у спартыўных залах каледжа і СШ
№2 па суботах і нядзелях з 10.00, а таксама серадах з 18.30.
Міні-футбол
У РАЗГАРЫ БАРАЦЬБЫ
Працягваецца турнір па міні-футболе памяці загінуўшых
воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Пакуль у лідзіруючай групе знаходзяцца каманды «ІП”,
«Палессеэлектрамаш”, «РАУС” (Мікашэвічы) і «Лунін”. Між тым, уся барацьба яшчэ
наперадзе і сапернікі маюць рэальныя шанцы змяніць турнірнае становішча.
У суботу і нядзелю аматары спорту змогуць падтрымаць
каманды ў спартыўнай зале сельскагаспадарчага каледжа. Пачатак у 10 гадзін.
СТАРТАВЫЯ ПАЯДЫНКІ
другога круга чэмпіянату краіны па міні-футболе ў
вышэйшай лізе нашы каманды правялі на выездзе і прайгралі.
Між тым, нельга сказаць, што здаліся без бою. У Мінску
«Базар” сустракаўся з «Дарожнікам”, і ўжо на трэцяй хвіліне капітан каманды
Вячаслаў Міхальчанка адкрыў лік. Але праз чатыры хвіліны ў вароты Дзмітрыя
Ячмяновіча адзін за адным уляцелі два мячы. Лунінчане не збіраліся здаваць
пазіцыі і Вячаслаў Міхальчанка зноў быў дакладны і зраўняў лік. Роўная гульня
захоўвалася на працягу ўсяго матча, але ўдача была на баку гаспадароў, якія і
перамаглі з лікам 4:3. Трэці мяч у нашай камандзе забіў Аляксандр Рапецкі.
Не менш драматычна разгортваліся падзеі ў гульні паміж
«Гранітам” і «Ітранзішэн-БГУФК”, якая таксама праходзіла ў сталіцы. Падчас
адной з атак «гранітаўцаў” гаспадары згулялі не зусім удала, і запісалі на свой
рахунак аўтагол. Аднак праз дзве хвіліны яны ж зраўнялі лік. Роўная гульня
захоўвалася і на працягу другога тайма. Пераможную кропку ў матчы паставілі
мінчане – 2:1.
Наступныя матчы сваіх каманд прапусцяць Аляксей Шаўчэнка
(«Граніт”), які атрымаў пятае папярэджанне ў чэмпіянаце, і Аляксандр Рапецкі
(«Базар”), папярэджаны ў трэці раз.
У 17-м туры 11 лютага «Базар” будзе прымаць
«Барысаў-900”, а 12 лютага «Граніт” у дамашнім паядынку сустрэнецца з лідарам
чэмпіянату – сталічным «МАПІДам”.