КРОС АДКРЫВАЕ ЛЁГКААТЛЕТЫЧНЫ СЕЗОН
Дождж, што прайшоў напярэдадні правядзення першынства раёна па кросе, асвяжыў паветра сасновага бору. Арганізатары, настаўнікі фізкультуры гарадскога ліцэя і вучні навучальнай установы паклапаціліся, каб прывесці тэрыторыю ў парадак і абазначыць трасу.
Да месца збору прыбылі каманды 31 агульнаадукацыйнай і 6 базавых школ раёна. Удзельнікаў спаборніцтваў віталі начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызме райвыканкама Аляксандр Рамановіч і дырэктар ДЮСШ Валерый Жукоўскі. Права падняць Дзяржаўны флаг прадаставілі пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў Крысціне Зіновік.
У дзяўчынак 1992-93 года нараджэння з вялікім адрывам ад саперніц на двухкіламетровай дыстанцыі фінішавала Крысціна Зіновік з Дзятлавіч. Эльвіра Міцура з мікашэвіцкай СШ № 1 паказала другі вынік, а ліцэістка Кацярына Макоўская – трэці. Непрадказальным аказаўся забег на 3 кіламетры сярод юнакоў. Дружна адзначыліся на фінішы Сяргей Караваевіч з Кажан-Гарадка, Міхаіл Шабан з мікашэвіцкай СШ №1, Віктар Клімчук з Вялуцкай СШ. У такім ж парадку яны падняліся на п’едэстал.
Сумна, але ў прызёры не трапіла ніводная лунінецкага гарадская школа. Ліцэй заняў чацвёртае месца. Каманда СШ №3 наогул прыбыла, калі стартавалі першыя забегі, а форма ўдзельнікаў прыводзіла ў недаўменне – джынсы. Адсюль і вынік – апошняе месца.
Заканчэнне дзіцячых спаборніцтваў адзначана масавым стартам на прызы газеты “СБ”. Абсалютна лепшы вынік паказаў Рыгор Шуляк. У сваіх узроставых катэгорыях пераможцамі таксама сталі Аляксандр Мірановіч, Сяргей Яраховіч, Алена Мурашкевіч і Алена Даніловіч. Усе адзначаны граматамі аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызме райвыканкама і прэміямі ад РФСК “Здароўе”.