КУБАК КОРАСЦЕЛЯ Ў “ЛУНІНЦА”
Мотабольная каманда «Лунінец” прыняла ўдзел у міжнародным
турніры на Кубак Васіля Корасцеля, які прайшоў ва Украіне.
Нашы землякі перамаглі «Ніва” з Вішнякоў з лікам 4:0 (Мікалай
Бойка – 3, Алег Ісаеў) і «Падолле” з Камянца-Падольскага – 3:1 (Мікалай Бойка
-2, Алег Ісаеў).
Трэба адзначыць, што мотабол на Украіне вельмі любяць,
але, на жаль, яму не надаюць значнай падтрымкі, таму многія клубы вымушаны
закрывацца. Так сталася і з легендарным «Сіталам” з Уладзімірца, ігракі якога
сёлета гулялі ў складзе «Падолля”. На матчы ў выхадныя прыйшло вельмі многа
народу і, хочацца верыць, што мотабол атрымае на Ровеншчыне новае развіццё.
Лунінчане падарылі ўкраінцам мяч з пажаданнем аднаўлення гульні.
У суботу, 1 верасня, у 14 гадзін, на гарадскім мотадроме
адбудзецца таварыскі матч паміж камандамі «Лунінец” і нямецкай «Упштат Вайер”.
Сустрэча прысвечана 45-годдзю стварэння гульні на
Лунінеччыне.
Запрашаем балельшчыкаў паглядзець захапляльны міжнародны
матч і падтрымаць землякоў.
Кошт білетаў: 10 тысяч – дарослы і 5 тысяч – дзіцячы.
ЧАРГОВАЯ ПЕРАМОГА «РАКЕТЫ”
Другі круг першынства Беларусі па мотаболе прайшоў у
Лунінцы.
Юнацкая каманда «Ракета” з лікам 3:1 перамагла пінскую
«Юнацтва-2”. Госці адразу захапілі лідарства і трымалі перавагу на працягу двух
перыядаў. У трэцім нашы землякі сканцэнтраваліся, праявілі напор і забілі
адразу тры галы (Аляксандр Баброўскі – 2, Вадзім Русак).
У сярэдзіне верасня ў Пінску адбудзецца фінальны матч.
«Ракета” сустрэнецца з мінскім «Юніорам”.