МОТАБОЛ ПАТРЭБНЫ ЛУНІНЧАНАМ
У гэтым упэўніваешся, калі бачыш запоўненыя трыбуны мотадрома падчас выступлення каманды “Палессеэлектрамаш” у Чэмпіянаце Беларусі і Еўралізе і азарт балельшчыкаў, якія сваімі эмоцыямі падтрымліваюць землякоў.
Прыемна, што гэта разумеюць раённыя ўлады і прадстаўнікі прыватнага бізнесу. Аб тым, што мотабол перажывае няпростыя часы, ішла размова на сустрэчы старшыні райвыканкама Васіля Агіевіча з заснавальнікамі прыватных унітарных прадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Трэнер каманды “Палессеэлектрамаш” Аляксандр Бабіч расказаў, што на ўтрыманне каманды неабходна больш як мільярд рублёў у год. Гэта вялікія грошы. Істотная дапамога аказваецца з раённага і абласнога бюджэтаў на падставе Пастановы Савета Міністраў № 2040 ад 29.12.2000 г. “Аб зацвярджэнні парадку частковага фінансавання спартыўных клубаў па гульнявых відах спорту за кошт бюджэту”. Аднак і тут ёсць абмежаванні: фінансавацца можа да 40 працэнтаў ад каштарысу расходаў. Нарматыўным дакументам не ўлічана, што мотабол не проста гульнявы від спорту, але і тэхнічны, а значыць, на абнаўленне парку матацыклаў і запчастак да іх грошы выдзяляцца не могуць. Іх давядзецца вышукваць самастойна. Вось і звяртаецца штогод каманда да энтузіястаў-аматараў гульні. Так, летась дапамогу аказвалі Уладзімір Навіцкі, Генадзь Канапацкі, Эдуард Чэркас, Іван Сыцэвіч, Рыгор Богдан, Мікалай Грудзько, Андрэй Драбовіч, Валерый Труноў, Сяргей Палтаўскі, Аляксандр Распопаў, СПМК-17 і ДРБУ-101. Аляксандр Бабіч удзячны ўсім, хто разумее няпростае становішча каманды і неабыякавы да яе далейшага існавання, тым больш, што сёлета “Палессеэлектрамаш” уадзіночку прадстаўляе Беларусь у Чэмпіянаце Еўралігі. Кіраўнік каманды спадзяецца, што да названых фундатараў далучацца і іншыя. Толькі дзякуючы іх падтрымцы ў мотабалістаў будзе магчымасць і надалей радаваць балельшчыкаў гульнёй, высокімі дасягненнямі прасляўляць наш край.
Тыя, хто верыць у каманду, мае магчымасць аказаць фінансавую дапамогу, могуць пералічваць сродкі на дабрачынны рахунак 3135009120077 у філіяле 119 АСБ “Беларусбанк”, МФО 15051626, УНП 290478711, ОКПО 29353564.