Спорт

“МЫ ХОТИМ ВСЕМ РЕКОРДАМ НАШИ ЗВОНКИЕ ДАТЬ ИМЕНА”

Лунінеччыну па праву можна назваць самым спартыўным рэгіёнам краіны. Сваімі поспехамі і дасягненнямі радуюць футбольныя і міні-футбольныя каманды, мотабольны клуб, лёгкаатлеты і спартсмены з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

У ГДК адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання тых, дзякуючы каму пра невялікі палескі раён ведаюць ва многіх краінах свету. Ганарымся Ірынай Хлюставай – удзельніцай трох Алімпіяд у эстафетным бегу 4х400 метраў, Анастасіяй Шуляк, якая на Алімпіядзе ў Пекіне выходзіла на старт у складзе эстафетнага квартэта 4х100 метраў. У Паралімпійскіх гульнях 2008 года прыняў удзел Сяргей Крывулец з Мікашэвіч. У тым жа годзе Эдуард Міхан стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату свету сярод юніёраў у лёгкаатлетычным дзесяцібор’і…

Сабраўшыхся вітаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Мазько. Ён адзначыў, што сёлета ў раёне праведзена больш як 100 спартыўна-масавых мерапрыемстваў. На прадпрыемствах функцыянуюць 98 калектываў фізічнай культуры. Актыўны і здаровы лад жыцця падтрымліваюць 11 тысяч чалавек у групах аздараўленчай накіраванасці, секцыях, клубах па спартыўных інтарэсах. Андрэй Іванавіч канстатаваў, што прадметам асаблівага клопату з’яўляецца фізічнае развіццё юнага пакалення. У дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву на аддзяленнях лёгкай атлетыкі і футбола займаецца больш як 1000 школьнікаў.

Зразумела, што высокіх вынікаў можна дасягнуць, толькі ўмацоўваючы і развіваючы матэрыяльную базу. Таму невыпадкова ў раёне паяўляюцца новыя сучасныя спартыўныя аб’екты. Летась рэканструявалі стадыён “Палессе”, у канцы гэтага года будзе пабудавана Лядовая арэна, а ў 2012?-ым расчыниць дзверы басейн. У бліжэйшыя 2-3 гады чакаецца рэканструкцыя стадыёна ў Мікашэвічах і працягнецца мадэрнизацыя дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

А.І. Мазько выказаў удзячнасць спартсменам, трэнерам, работнікам і аматарам фізічнай культуры і спорту і ўручыў узнагароды спартсменам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі Сяргею Крывульцу і Людміле Грэбень. Сёлета на высокім узроўні выступіла мотабольная каманда “Лунінец”. Яна стала чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Кубка Беларусі, а таксама бронзавым прызёрам Усходне-Еўрапейскай лігі. Лепшым мотабалістам года названы нападаючы Мікалай Бойка.

З цікавасцю сочаць балельшчыкі за барацьбой у чэмпіянаце краіны па міні-футболе ў вышэйшай лізе, дзе выступаюць дзве нашы каманды – “Граніт” і “Базар”. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас трэнераў Аляксея Шаўчэнкі і Віктара Грыневіча. Лепшым іграком сезона 2009-2010 стаў капітан каманды “Базар” Вадзім Бандарук, на рахунку якога 40 забітых мячоў.

Футбольная каманда “Граніт” у чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь у першай лізе мела рэальны шанц на заваяванне “пуцёўкі” ў вышэйшы дывізіён, але заняла толькі чацвёртае месца. Між тым, балельшчыкі спадзяюцца ў хуткім часе ўбачыць “гранітаўцаў” у футбольнай эліце. Прыз лепшага іграка дастаўся капітану каманды Андрэю Бахно.

Высокімі дасягненнямі парадавалі летась юныя лёгкаатлеты: пераможца першынства краіны на 100-метроўцы і эстафетным бегу Алена Герасімчук, прызёры і пераможцы абласных спаборніцтваў Таццяна Кіндрук, Аляксандр Шыш, Наталля Дубіна, Максім Каховіч і Ігар Кармужанін. Узнагароды атрымалі таксама Аксана Маркавічэнка (паўэрліфцінг) і Руслан Канапацкі (настольны тэніс). Зразумела, што за ўсімі дасягненнямі спартсменаў стаіць карпатлівая работа трэнераў і настаўнікаў фікультуры. Узнагарод удастоены дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Гапон, дырэктар ФАК “Граніт” Мікалай Кіпель, дырэктар ДЮШАР Валерый Жукоўскі, дырэктар мотабольнага клуба “Лунінец” Аляксандр Бабіч, кіраўнікі клубаў “Выток” і “Самурай” Анатоль Маркавічэнка і Дзмітрый Карасёў, настаўнікі фізкультуры Аляксандр Мірановіч (політэхнічны каледж), Віктар Вайцяхоўскі (СШ №2 г. Лунінец), Мікалай Клеўжыц (СШ №1 г. Мікашэвічы), Віктар Канапацкі (Дзятлавіцкая СШ), Васіль Коўшык (Дварэцкая СШ), Павел Кузьміч (Лахвенская СШ), Аляксандр Гарагляд (Лунінская СШ), трэнер ДЮШАР Леанид Краснікевіч.

Шчырыя словы ўдзячнасці гучалі ў адрас кіраўніка РУВП “Граніт” Сцяпана Тураўца. Калектыў прадпрыемства па праву стаў лепшым у арганізацыі фізкультурна-масавай і аздараўленчай работы не толькі ў раёне, але і ў Рэспубліцы Беларусь.

Вядома, што вялікі спорт – гэта і вялікія грошы. Таму без фінансавай дапамогі тут не абысціся. Самымі адданымі спартыўнымі фундатарамі сталі Уладзімір Навіцкі, Віктар Грыневіч і Сяргей Пауліч. На працягу мерапрыемства спартсменаў, настаўнікаў, трэнераў віталі і ўручалі ўзнагароды начальнікі аддзелаў райвыканкама: па фізічнай культуры, спорце і турызму – Аляксандр Рамановіч, ідэалагічнай работы – Анатоль Захаркевіч, арганізацыйна-кадравай работы – Андрэй Курыловіч, па справах моладзі – Наталля Верас, а таксама дырэктар РФСК “Здароўе” Ігар Гапон, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Людміла Казадаева.

Добрым падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі ГДК і выхаванцамі Цэнтра дзіцячай творчасці.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть