Спорт

Міжнародны турнір аб’ядноўвае моладзь

Упершыню ў футбольным турніры, што адбыўся ў Лунінцы, прыняла ўдзел каманда з нямецкага горада-пабраціма Шэнефельд.
Першым аб’ектам, з якім пазнаёміліся юныя футбалісты з Германіі, быў стадыён “Палессе”. Юнакі тут жа ацанілі перавагі спартыўнага збудавання, звярнулі ўвагу на выдатнае пакрыццё поля. І заўважылі, што ў Шэнефельдзе пакуль толькі мараць пра такі стадыён.
Акрамя гасцей з Германіі і гаспадароў, барацьбу за кубак у турніры павялі каманды з Дзятлавіч і Любані. Некалькі гадзін працягваліся баталіі на футбольным полі. У выніку перамаглі лунінчане, узяўшы верх у рашаючым паядынку над юнымі спартсменамі з Шэнефельда – 2:1. Трэцяе месца занялі любанцы.
Пасля завяршэння турніру папрасіла па-дзяліцца ўражаннямі старшыню спартыўнага таварыства “Blau-wеiS-96-Schenefeld” Маргу ГЕЦЬЕНС.
– Вам не вельмі сумна, што ваша каманда не стала пераможцай?
– Ніколькі. Мы ехалі сюды не столькі за перамогай, колькі за тым, каб пазнаёміцца з культурным, спартыўным і грамадскім жыццём лунінчан. І гэта нам удалося. А што датычыць спартыўных перамог, у нас яшчэ будзе шанц узяць рэванш. У чэрвені 2013 года адбу-дзецца міжнародны турнір у Шэнефельдзе, які праводзіцца з 2007-га, куды мы запрашаем і лунінчан. Акрамя каманд нямецкага боку, у спаборніцтвах прымаюць удзел і прадстаўнікі яшчэ аднаго горада-пабраціма – Вуазэн-лё-Брэтано з Францыі.
– Раскажыце, калі ласка, пра спартыўнае таварыства, якое вы ўзначальваеце.
– Гэта адно з самых старэйшых таварыстваў, заснаванае ў 1896 годзе. Зараз яго членамі з’яўляюцца 3200 чалавек, у тым ліку 1750 дзяцей і падлеткаў. Трэба дадаць, што ў Шэнефельдзе пражывае 18 тысяч жыхароў, і наша таварыства – не адзінае ў горадзе.
– Якім відам спорту аддаюць перавагу ў горадзе-пабраціме?
– У нас працуе 16 секцый. Самымі масавымі лічацца гімнастыка, якая ўключае аэробіку і танцы, а таксама футбол. Шмат прыхільнікаў коннага спорту і тэнісу. Аматары плавання з задавальненнем асвойваюць навыкі выратавання на вадзе. Ва ўласнасці таварыства няма спартыўных аб’ектаў. Стадыён, залы, пляцоўкі належаць гораду. Пры нямецкіх школах іх таксама няма, як мы бачылі ў вас, таму  ўрокі фізкультуры праходзяць на спартыўных аб’ектах горада. А заняткі нашых секцый – у пазаўрочны час.
– Прыезд у Лунінец – ваша ініцыятыва?
– Не толькі. Мэрыя Шэнефельда робіць шмат, каб паміж нашымі гарадамі партнёрскія адносіны толькі ўзмацнялі-ся. А мы ў гэтым дапамагаем. Сёлета  на аздараўленне лунінецкія дзеткі прыедуць да нас у 20-ты раз. Гэта цудоўна. Будзем вельмі рады новым ідэям і прапановам. Хачу выказаць шчырую ўдзячнасць мясцовай уладзе, спартыўнай школе на чале з Дзмітрыем Дырда, трэнерам Валерыю Жукоўскаму і Алене Вярэніч за добрую сустрэчу нашых дзяцей і цікавую праграму падчас нашага знаходжання на Лунінеччыне.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть