ЗАГАРТОЎКА ЮНЫХ АБАРОНЦАЎ АЙЧЫНЫ
Упершыню ліцэй прымаў удзельнікаў раённай спартакіяды дапрызыўнай моладзі. На гэты раз спаборніцтвы прысвячаліся 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і праводзіліся пры актыўным садзеянні міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
26 агульнаадукацыйных школ накіравалі свае каманды, каб вызначыць лепшых. Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх узроставых групах – 1992-93 і 1994-95 гады нараджэння – па чатырох відах спорту: бег 100 метраў, стральба, кіданне гранаты і падцягванне.
У камандным першынстве перамагі вучні лунінецкай СШ №2 у складзе Максіма Хацяноўскага, Міхаіла Бусько, Аляксея Майсака і Сяргея Грышына (на здымку). Другое месца занялі “юныя абаронцы Айчыны” з СШ №4, трэцімі прызёрамі сталі гаспадары – ліцэісты.
У асабістым заліку ў малодшай групе не было роўных васьмікласніку Максіму Хацяноўскаму з СШ №2 г. Лунінца. Другое месца заняў Аляксей Хацяноўскі з СШ №4, а трэцяе – прадстаўнік Лунінскай СШ – Максім Шепятунка.
У старэйшай узроставай групе недасягальным для сапернікаў стаў Павел Ільючык з Багданаўкі. Ліцэіст Андрэй Гелец і Ігар Біліба з Язвінак занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Усе прызёры і пераможцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі ад міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, якія ўручыў яе старшыня Барыс Гнедзька.
ЛУНІНЕЦКІЯ БАКСЁРЫ РЫХТУЮЦЦА ДА РЭСПУБЛІКАНСКАЙ СПАРТАКІЯДЫ
У Брэсце завяршыліся спаборніцтвы па боксе ў рамках абласной спартакіяды школьнікаў.У іх бралі ўдзел двое прадстаўнікоў РФСК “Здароўе” – Іван Брэзін з СШ №3 і Уладзіслаў Яфімаў з Вулькаўскай 1 СШ. Абодва юнакі сталі пераможцамі і будуць прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскай спартакіядзе, якая адбудзецца ў Гродна.
Але, па словах трэнера юнакоў Міхаіла Майсака, яму ўсё цяжэй працаваць ва ўмовах не прыстасаваных для заняткаў, да таго ж не хапае спецыялізаванага інвентара. А яшчэ ў Міхаіла Рыгоравіча няма трэнерскай адукацыі. Але ён настолькі адданы сваёй справе, што не шкадуе вольнага часу для дзяцей. І так на працягу 21 года. Зразумела, можна забараніць энтузіясту займацца любімай справай – задзейнічаць падлеткаў на баксёрскім рынгу, каб тыя ў сваю чаргу менш схіляліся да просівапраўных дзеянняў і шкодных звычак. Летась яго выхаванец Іван Брэзін паступіў у Брэсцкае вучылішча алімпійскага рэзерву. Зараз кандыдатамі стаць навучэнцамі з’яўляюцца і двое сёлетніх пераможцаў абласной спартакіяды.
Міхаіла Майсака хвалюе пытанне: ці патрэбна секцыя бокса ў Лунінцы? Няўжо ў нас такі шырокі выбар захапленняў для падлеткаў?
Калі ў вас ёсць думкі на гэты конт, просім дасылаць свае разважанні ў рэдакцыю або тэлефанаваць на нумар 2-24-41.
“ГРАНІТ” У ПОШУКУ СВАЁЙ ГУЛЬНІ
Пасля трох тураў, “Граніт” так і не здолеў запісаць у свой актыў ніаднаго ачка. Чарговы матч на пінскім стадыёне “Хваля” зноў абярнуўся паражэннем для нашых землякоў.
На гэты раз “крыўдзіцелем” “гранітаўцаў” стаў “Гомель” – 0:2. Між тым, трэба заўважыць, што ў мікашэвіцкіх спартсменаў шанцаў забіць гол было значна больш, чым у сапернікаў, але мяч, як “зачараваны” не ішоў у вароты. Толькі Мікалай Януш тройчы з выгадных пазіцый так і не змог “распячатаць” вароты гамяльчан.
Вось і папаўзлі сярод знаўцаў чуткі, што ачкі ў “Граніта” ў хуткім часе не зможа ўзяць толькі лянівы. Іншыя кажуць, што Бог “троіцу” любіць, а значыць, будзем спадзявацца, што чацвёрты тур застанецца за нашымі землякамі!
26 красавіка ў Магілёве “Граніт” згуляе з мясцовым “Дняпром”.
“НІКОЛІ НЕ ЧУЎ ПАПРОКАЎ АД БАЛЕЛЬШЧЫКАЎ”Менавіта так сцвярджае цяпер ужо трэнер каманды “БАТЭ” Аляксандр ЕРМАКОВІЧ.
Для тых, хто не ведае футбаліста, нагадаю, што Аляксандр – былы выхаванец Лунінецкай ДЮСШ, яго першы настаўнік – Міхаіл Мікалаевіч Аляшкевіч. У барысаўскай камандзе Аляксандр Уладзіміраваіч правёў 11 сезонаў. Пасля заканчэння матча на сваім полі, у якім “БАТЭ” ўзяў верх над “Смаргонню”, Ермаковіч атрымаў памятны медаль ад мясцовых балельшчыкаў.
У ГАСЦЯХ, ЯК ДОМА
Нягледзячы на тое, што чарговы матч тура мікашэвіцкія футбалісты праводзілі на пляцоўцы гасцей – светлагорскага “ЦКК”, яны адчувалі сябе даволі ўпэўнена.Аб гэтым сведчыць лік у матчы – 6:2 – на карысць “Граніта”. Упэўненасць камандзе надала надзейная гульня варатара Андрэя Бяроскі, які ўвайшоў у сімвалічную зборную тура. Асноўны ж варатар “Граніта” у цяперашні час знаходзіцца ў Германіі, дзе выступае за зборную чыгуначнікаў Беларусі.
26 красавіка “Базар” будзе прымаць сталічны “МАПІД”. А “Граніт” “авансам” ужо ўзяў тры ачкі. У сувязі з тым, што “Палімер”, з якім павінны сустрэцца мікашэвіцкія футбалісты, зняўся з чэмпіянату, яму залічана тэхнічнае паражэнне – 0:5.
У ПЕРАМОЖЦАХ – ЛУНЯНІН
У Івацэвічах адбыліся абласныя спаборніцтвы па кросе.Пераможцам на 2-кіламетровай дыстанцыі стаў Максім Наварыч з лунінскай СШ (трэнер А.С. Рамановіч). Другім прызёрам на дыстанцыі 5 кіламетраў стаў сінкевіцкі спартсмен Васіль Гурэнка, які зараз жыве і трэніруецца ў Брэсце.
Зборная Лунінецкага раёна заняла пятае агульнакаманднае месца.