Спорт
НЕАФІЦЫЙНЫ ЧЭМПІЯНАТ СВЕТУ
Лёгкая атлетыка
На гэтым тыдні ў аўстрыйскім Гетцысе прайшлі традыцыйныя міжнародныя спаборніцтвы па мнагабор’і, якія лічацца неафіцыйным чэмпіянатам свету ў гэтым відзе лёгкай атлетыкі.
Запрашэнне на яго атрымалі мацнейшыя атлеты свету, у тым ліку наш зямляк Эдуард Міхан. Пасля сямі відаў ён займаў чацвёрты радок у турнірнай табліцы і меў рэальныя шанцы разлічваць на п’едэстал, але ў скачках з шастом «зарабіў” «баранку”… І закончыў спаборніцтвы. Між тым, трэба адзначыць, што Эдуард устанавіў два асабістыя рэкорды: у бегу на 100 метраў – 10,68 секунды і штурханні ядра – 14 метраў 64 сантыметры.
ТРЫ СЕРАБРА
У Брэсце прайшоў Кубак Беларусі па лёгкай атлетыцы.
У ім прымалі ўдзел і нашы землякі. Трое з іх заваявалі сярэбраныя ўзнагароды: Ірына Хлюстава – у бегу на 400 метраў (53,75 секунды), Дзмітрый Гашчук – у скачках з шастом (5 метраў 10 сантыметраў) і Таццяна Нагорная – у трайным скачку (13 метраў 36 сантыметраў – асабісты рэкорд).
Футбол
КУБКАВАЯ ЖАРАБ’ЁЎКА
У доме Футбола прайшла жараб’ёўка 1/32 фіналу Кубка Беларусі-2012/13.
Матчы адбудуцца 13 чэрвеня. Каманда «Граніт”, якая займае пяты радок у турнірнай табліцы розыгрышу чэмпіянату ў першай лізе, будзе стартаваць адразу з 1/16 фіналу.
ПЕРАМАГАЮЦЬ МАЦНЕЙШЫЯ
У мінулую суботу на стадыёне «Палессе” ў Лунінцы адбыўся матч чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе паміж камандамі «Граніт” і «Днепр”.
На працягу двух таймаў вялася роўная барацьба. Шанцы вызначыцца мелі як гаспадары, так і госці. І ўсё ж, больш пашанцавала «гранітаўцам”. За тры хвіліны да заканчэння матча гол забіў Андрэй Урупін.
2 чэрвеня ў Рэчыцы «Граніт” згуляе з мясцовым «Ведрычам-97”.