Спорт

НОВЫ СЕЗОН – НЕ ЗА ГАРАМІ

Футбол

 

«Граніт” працягвае падрыхтоўку да новага сезона, які стартуе 23 красавіка.

У першым матчы мікашэвіцкія футбалісты сустрэнуцца з «Полацкам” у Лунінцы. Другі тур каманда правядзе на выездзе, дзе сустрэнецца з мазырскай «Славіяй”, а ў трэцім – будзе прымаць «Рудзенск”.

Каманду папоўнілі новыя ігракі. Гэта Раман Халаўко з брэсцкага «Дынама”, Андрэй Марозаў («ДСК”), Андрэй Гараўцоў і Віталь Панасюк з «Віцебска”, Дзмітрый Калачоў з «Белшыны”, Аляксей Мартынец і Сяргей Кавалёк з жодзінскага «Тарпеда”.

Пакуль жа «гранітаўцы” праводзяць таварыскія сустрэчы. На мінулым тыдні мікашэвіцкія футбалісты без асаблівай цяжкасці перайгралі «Слуцкцукар”. Вызначыліся Кавалёк, Мартынец і Бутрам’еў.

У бліжэйшую суботу, 9 красавіка, на стадыёне «Палессе” яны згуляюць з «Баранавічамі”, а ў наступную, 16 красавіка, – з пінскай «Хваляй”. Пачатак матчаў у 12 гадзін.

 

ВЫЙШЛА Ў ПАЎФІНАЛ

каманда нашага раёна ў першынстве Брэсцкай вобласці па футболе сярод юнакоў 1997-98 гадоў нараджэння.

У занальным туры, які праходзіў на стадыёне «Палессе”, юныя лунінчане праявілі сябе з лепшага боку і разам з равеснікамі з Пінска заваявалі пуцёўку ў паўфінал. Адбудзецца ён 10 красавіка ў Брэсце.

 

Настольны тэніс

ДВАРЭЦКІ ПОСПЕХ

У Бастыні сустрэліся фіналісты раённай спартакіяды школьнікаў па настольным тэнісе.

На гэты раз аспрэчвалі лідэрства дзявочыя каманды. Без асаблівай складанасці перамогу завявалі прадстаўніцы Дварэцкай СШ (трэнер В.М. Коўшык), якія ў заключным паядынку ўзялі верх над спартсменкамі з Лобчанскай СШ (І.М. Мельянец). У барацьбе за трэцяе месца ва ўпартай барацьбе гімназісткі (трэнер В.В. Юрчанка) перайгралі гаспадароў (3:2). Далей у турнірнай табліцы размясціліся каманд Багданаўскай, Любачанскай СШ, лунінецкай СШ №2 і Дубаўскай СШ.

Лепшым іграком прызнана Дзіяна Каховіч з Дварэцкай СШ, якая ўзнагароджана памятным падарункам аддзела па справах моладзі райвыканкама.

 

Баскетбол

ЗА ТРЫ ТУРЫ ДА ЗАКАНЧЭННЯ

У чэмпіянаце раёна па баскетболе лідары ўтрымліваюць пазіцыі.

На пападанне ў плэй-оф захоўваюць шанцы «Беларусбанк”, «ДРБУ-101 і сельскагаспадарчы каледж”, «Гудкі” і «Граніт”. У гэтыя выхадныя працягнецца барацьба за выхад у фінальную частку спаборніцтваў, якія плануецца завяршыць 16-17 красавіка.

 

Турызм

ЮНЫЯ АРЫЕНЦІРОЎШЧЫКІ

У Сінкевічах адбыліся раённыя спаборніцтвы па спартыўнаму арыентаванню.

Удзел у іх узялі каманды Дварэцкай, Вялікачучавіцкай, Язвінскай, Сінкевіцкай СШ, Бродніцкай і Ракітнянскай яслі-сад-базавых школ, лунінецкай СШ №3 і №4, гімназіі імя У.Нядведскага і сельскагаспадарчага каледжа.

У старшай узроставай групе (16-17 год) пераможцамі сталі Аляксандр Чарнавокі (Сінкевічы) і Вераніка Сергіеня (ДПТК СВ), другое месца занялі Юрый Гаргун (Вялікія Чучавічы) і Крысціна Ліхтар (СШ №4), трэцяе – Мікалай Нагорны (ДПТК СВ) і Яніна Капліч (Сінкевічы).

Ва ўзроставай групе 14-15 гадовых не было роўных Аляксандру Сумарэвічу з Дварца і Маргарыце вячорка з Бродніцы. Другімі прызёрамі сталі Віталь Баўкуновіч і Ангеліна Клеўжыц з Сінкевіч, трэцімі – гімназіст Юрый Вярэніч і Ганна Гурбановіч з СШ №4.

Сярод самых маленькіх (12-13 год) вызначыліся Дзмітрый Марза з Язвінак і Крысціна Кавалевіз з Бродніцы. На другую прыступку п’едэстала гонару падняліся Васіль Клеўжыц з Сінкевіч. Галіна Гаргун з вялікіх Чучавіч і Кацярына Рылач з Ракітна, на трэцюю – Мікалай Барысевіч з Дварца і Ніна Суварава з Сінкевіч.

Пераможцы і прызёры адзначаны дыпломамі аддзела адукацыі і сувенірамі аддзела па справах моладзі райвыканкама.

Людміла КАРПОВІЧ, метадыст цэнтра турызма.

 

Міні-футбол

ПАКІНУЛІ АЎТСАЙДАРСКУЮ ПАЗІЦЫЮ

Балельшчыкі «Базара” зноў парадаваліся за лунінецкую каманду, якая дома перайграла светлагорскі «ЦКК” з лікам 5:3.

Сказаць, што матч быў простым нельга. Лунінчане першымі адкрылі лік у гульні. Зрабіў гэта на 8-й хвіліне Рапецкі. Праз некаторы час госці не толькі зраўнялі лік, але і выйшлі наперад. І толькі на 16-й хвіліне Бандарук зноў ураўнаважыў пазіцыі. Але светлагоскія футбалісты не супакойваліся і зноў дабіліся перавагі. Між тым на перапынак каманды пайшлі пры ліку 3:3. Статус «кво” ўстанавіў Юрцэвіч. Другая палова сустрэчы прайшла пад дыктоўку гаспадароў. Пераможны акцэнт зрабілі Міхальчанка і Наварыч.

«Граніт” таксама парадаваў сваіх прыхільнікаў. У дамашнім матчы мікашэвіцкія футбалісты не пакінулі шанцаў сталічнаму «Дынама-БНТУ”, у якім узялі верх з лікам 6:2.

Вызначыліся Кіслюк, Скакалкін, Халімончык, Самусевіч, Байда (2).

Матч наступнага 24 тура «Граніт” прапускае, а сустрэча «МАПІД” – «Базар” у сувязі з ўдзелам сталічнага клуба ў міжнародным турніры ў Нарыльску пераносіцца на 9 мая.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть