ПАД АЛІМПІЙСКІМ ФЛАГАМ – “ВІКТОРЫЯ”
Прагучалі апошнія акорды Алімпіяды ў Ванкуверы. Сярод тых, хто з асаблівым хваляваннем сачыў за падзеямі, якія разгортваліся на спартыўных арэнах – удзельніца алімпійскіх гульняў у Пекіне ў эстафетным квартэце 4х100 метраў Анастасія ШУЛЯК:
– Вельмі рада за нашу зборную, асабліва за тых, хто паклаў у скарбонку Беларусі алімпійскія ўзнагароды. Удвая прыемна, калі на п’едэстал паднімаліся спартсмены, якія дагэтуль знаходзіліся ў цені. Не па чутках ведаю, наколькі складаным для іх быў шлях да перамогі. Без падтрымкі наўрад ці давялося б выступіць на такім высокім узроўні.
Пры падрыхтоўцы да Алімпіяды ў Пекіне «шэфства” нада мною ўзяло ПВУП «Вікторыя”. Два гады таму, а было гэта якраз напярэдадні 8 Сакавіка, я прыехала ў родны Лунінец. Мне патэлефанавалі і запрасілі прыйсці ў фірму. Ветлівыя гаспадары Таццяна Дмітрыеўна Удавенка і Юрый Мікалаевіч Плаксін правялі экскурсію па прадпрыемству. Дагэтуль нават не здагадвалася, што такая вытворчасць наладжана ў Лунінцы, хаця прадукцыю неаднаразова бачыла на прылаўках магазінаў у Брэсце, дзе зараз жыву. Цяпер з гонарам расказваю сябрам і знаёмым, што гэты тавар зроблены на маёй малой радзіме. Да Дня жанчын фірма «Вікторыя” падарыла мне цудоўную смажню, якой карыстаюся і цяпер пры прыгатаванні ежы. Але сюрпрызы на гэтым не закончыліся. Таццяна Дзмітрыеўна паведаміла, што іх прадпрыемства на працягу падрыхтоўчага перыяду да Алімпіяды будзе аказваць мне фінансавую дапамогу. Гэта было настолькі шчыра і ад душы, што гатова зноў і зноў гаварыць ім: «Дзякуй”. Перад людзьмі, якія разумеюць, што такое спорт, што такое абараняць інтарэсы сваёй краіны, трэба нізка пакланіцца. Паболей бы такіх прадпрымальнікаў!
P.S.
Цяпер Анастасія Шуляк рыхтуецца стаць мамай, але са спортам развітвацца не збіраецца. Спадзяемся, што яна парадуе яшчэ нас высокімі дасягненнямі.