Спорт
ПЕРАМАГАЕ ВОПЫТ
Валейбол
Валейбольны чэмпіянат раёна сярод жаночых каманд хаця і не такі папулярны, як мужчынскі, усё ж сабраў у спартыўнай зале політэхнічнага каледжа сапраўдных прыхільнікаў гэтага віду спорту.
У першым матчы сустрэліся каманды гаспадароў і «Клубнічка” (зборная Дварца і Язвінак), дзе мацнейшымі аказаліся навучэнцы каледжа 3:1. Узмацніўшыся студэнткай аднаго са сталічных ВНУ Таццянай Брухан, «Граніт” без асаблівай цяжкасці перамог каманду фермерскай гаспадаркі «Рафінад”, а таксама «Клубнічку” і «Політэхнічнага каледжа” – 3:0 – і стаў пераможцам. «Рафінад” узяў верх над «Клубнічкай” і «Політэхнічным каледжам” (3:1) і стаў сярэбраным прызёрам. Трэцяе месца занялі гаспадары, а на чацвёртым радку размясцілася «Клубнічка”.
Галіна САКОВІЧ, трэнер каманды «Граніт”:
– Прыемна назіраць за гульнямі. Дзяўчаты малайцы, стараюцца, а не проста адбываюць час на пляцоўцы. Адсюль – і інтрыга, і цікавая барацьба. Было б больш каманд, упэўнена, чэмпіянат стаў бы больш захапляючым.
Аляксандр МІРАНОВІЧ, галоўны суддзя спаборніцтваў:
– На жаль, па-сапраўднаму жаночай камандай можна назваць толькі «Граніт”. За астатнія выступаюць у асноўным дзяўчаты да 18 год. Сумна, што валейбол не знаходзіць падтрымкі ў працоўных калектывах. Раней многія прадпрыемствы, як прамысловыя, так і сельскагаспадарчыя, заяўлялі свае каманды.
Стральба
РАЎНЕННЕ НА ГАСПАДАРОЎ
З года ў год каманда СШ №2 г. Лунінца, на базе якой праходзяць спаборніцтвы па стральбе, радуюць вынікамі не толькі на раённым узроўні, але і на абласным.
Сёлета на першынстве раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі ў праграме месячніка, прысвечанага Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, яна таксама была на вышыні, апярэдзіўшы зборныя 19 школ. Тым самым вучні зрабілі цудоўны падарунак свайму трэнеру Віктару Вайцяхоўскаму да дня нараджэння. Другое месца занялі ліцэісты, трэцяе – вучні Палескай СШ.
У асабістым першынстве ў практыкаванні ВП-3 (стральба з калена) у дзяўчат лепшы вынік паказала Ірына Бадак з лунінецкай СШ №2. Сярэбраным прызёрам стала прадстаўніца Палескай СШ Алёна Даніловіч, бронзавым – Таццяна Балук з Язвінскай СШ. У юнакоў у гэтым жа відзе праграмы не было роўных Уладзіславу Гардзіевічу (ліцэй). Другое месца заняў Дзмітрый Канапацкі (лунінецкая СШ №2), трэцяе – Дзмітрый Грыцкевіч (Вялікачучавіцкая СШ).
У практыкаванні ВП-2 (стральба стоячы) лепшы вынік паказаў Аляксандр Анфілец (лунінецкая СШ №2). У прызавую тройку трапілі таксама Арцём Булыга (Палеская СШ) і Павел Калянковіч (Кажан-Гарадоцкая СШ).
Усе пераможцы і прызёры атрымалі граматы і каштоўныя падарункі ад міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, райкама БРСМ.
Більярд
«ПРОФІ” З ПІНСКА
У адкрытым Кубку Лунінца па більярдзе «Свабодная піраміда” прынялі ўдзел 15 чалавек.
Разбіўшыся на тры групы, якія ўзначалілі пераможцы турніраў мінулых гадоў, правялі гульні па кругу. Пасля гэтага 6 мацнейшых більярдзістаў разыгралі месцы на п’едэстале гонару. Перамог 14-гадовы жыхар Пінска Дзяніс Сульжыц. Юнак рыхтуе сябе да прафесійнай кар’еры і мае даволі нядрэнны рэйтынг на рэспубліканскім узроўні. Другое месца заняў Аляксандр Матвіец (Мікашэвічы), трэцяе – Андрэй Лукашэвіч (Лунінец).
Міні-футбол
ПЕРШАЯ ПЕРАМОГА Ў ЧЭМПІЯНАЦЕ
Урэшце, балельшчыкі «Базара” дачакаліся, што іх каманда выйграла. Прычым, зрабіла яна гэта ў першым матчы другога круга чэмпіянату краіны па міні-футболе, які правяла на выездзе з гомельскім «БТЭУ”.
З самых першых хвілін лунінчане захапілі ініцыятыву. На 8-й хвіліне лік у матчы адкрыў Рапецкі. Яго падтрымалі Бандарук (2), Юрцэвіч, Сашнянін, Кальцоў. Гаспадары адказалі толькі адным голам, і той уляцеў у вароты рыкашэтам ад нашага іграка.
Віктар ГРЫНЕВІЧ, трэнер каманды «Граніт”:
– Да гэтай перамогі імкнуліся даўно. І радуе, што яна ўпэўненая – 6:1. Лік мог быць і большым, калі б усе галявыя моманты выкарысталі Юрцэвіч і Бандарук. У строй пасля мінулагадовай траўмы вярнуўся Туміловіч. У варотах заняў месца новы ігрок – Вячаслаў Быкоўскі. Каманда ажывілася, гульня пайшла…
ХХХ
Мікашэвіцкі «Граніт” таксама гуляў на выездзе. Яго сапернікам стаў «Барысаў-900”, які нечакана для многіх стаў фіналістам Кубка Беларусі. Кураж барысаўчан яшчэ не знік, і яны даволі стабільна правялі паядынак і перамаглі, хаця і з мінімальнай перавагай – 3:2.
Лік у матчы аткрыў Скакалкін, другі мяч у вароты гаспадароў накіраваў Семянюк за дзве хвіліны да заканчэння матча.
У панядзелак, 14 лютага, «Базар” згуляе дома з «Дарожнікам”. Пачатак у 14.00. «Граніт” таксама ў гэты дзень правядзе матч на сваёй пляцоўцы з «Лідсельмашам”. Пачатак у 18.00.