ПЕРАМОГА Ў ДЗЕНЬ ВЫЗВАЛЕННЯ…
У чарговым матчы адкрытага Чэмпіяната Рэспублікі Беларусь па мотаболе “Палессеэлектрамаш” прымаў літоўскую каманду “Бартува”.
Знаўцы гульні яшчэ да яе пачатку “прарочылі” лік 6:0 на карысць лунінчан. Аднак, ужо напачатку першага тайма літоўцы “распячаталі” вароты гаспадароў. Праўда, на гэтым атакі гасцей закончыліся, а гульня перамясцілася на іх палову і трымалася там. Чатыры галы забіў Мікалай Бойка, яшчэ адзін – Яўген Рогаў. Матч завяршыўся з лікам 5:1 на карысць “ПЭМ”.
Гульню з чэмпіянатам Усходне-Еўрапейскай лігі 2008 года і Расіі камандай “Металург” з горада Віднае чакалі многія прыхільнікі. Паназіраць за матчам прыехалі балельшчыкі не толькі з Лунінца і вёсак раёна, але і з Пінска і Брэста.
Напружаная абстаноўка склалася ўжо ў першым тайме, аднак нашы ігракі вытрымалі, прапусціўшы адзін гол. З часам яны пачалі дапускаць новыя памылкі. Яшчэ тры мячы аказаліся ў варотах лунінчан у другім тайме. То тут, то там раздаваліся выкрыкі “Картку!”, а суддзі быццам прыслухоўваліся і за парушэнні выдалялі ігракоў з поля. З-за гэтага некалькі хвілін апошняга тайма каманды ігралі зменшанымі саставамі. Пасля гэтага фартуна дала шанц лунінчанам і Мікалай Бойка ім скарыстаўся. Гол! Агульны лік гульні – 4:1 на карысць гасцей.
Сёння, 17 ліпеня, “Палессеэлектрамаш” гуляе з “Каўроўцам” (г. Каўроў). Пачатак матча на лунінецкім мотадроме ў 18.30.