Спорт

ПЕРАМОЖНЫ АПОШНІ ТУР

Удала для абедзвюх нашых каманд склаўся апошні тур чэмпіянату краіны па міні-футболе.

У дамашнім матчы “Граніт” у няпростай барацьбе з бабруйскай “Белшынай” здолеў за дзве хвіліны да заканчэння гульні пры роўным ліку – 7:7– даказаць, што на сённяшні дзень мікашэвіцкія футбалісты мацней, забіўшы ў вароты саперніка яшчэ два безадказных гола. На турнірнае становішча вынік матча не паўплываў і ў выніковай табліцы “Граніт” замацаваўся на шостым радку. 

Трэнер Аляксей ШАЎЧЭНКА:
– Улічваючы, што гэта быў апошні матч чэмпіянату, вырашыў правесці трэнерскі эксперымент і даць маладым ігракам “панюхаць пораху” ў матчы вышэйшай лігі. У цэлым, гульнёй каманды ў сезоне задаволены. Мы здолелі зрабіць крок наперад і падняцца з 8-га на 6-ае месца. Відавочна, што каманда набірае вопыт і ўдасканальвае майстэрства. Упэўнены, што яшчэ год-два і здолеем прэтэндаваць на прызавое месца. Тым больш, нас падтрымлівае кіраўніцтва РУВП “Граніт” і ўжо дало “зялёнае святло” на наступны сезон. Пастараемся апраўдаць давер.
 “Базар” гуляў у Лідзе з аўтсайдэрам – “Нёманам” з Бярозаўкі. Прыемна, што пад канец сезона, лунінецкія футбалісты раз ад разу радавалі балельшчыкаў сваёй гульнёй. На гэты раз “Базар” таксама перамог – 5:2. Такім чынам, з 19 ачкамі “Базар” замацаваўся на 12-ым радку выніковай табліцы з 15-ці магчымых.

Трэнер Віктар ГРЫНЕВІЧ:
– Другі круг для каманды склаўся больш паспяхова. Хаця, у цэлым, ацэньваю гульню ў чэмпіянаце на “троечку”. У пэўнай ступені на слабае выступленне паўплывала тое, што давялося памяняць залу, ды і трэніроўкі апошнім часам праводзілі на вуліцы. У некаторых матчах не хапала ўдачы, іншы раз падводзіла нестабільная гульня варотчыка. З паяўленнем Сяргея Красоўскага, які неаднаразова выратоўваў ад немінуемага гола, упэўненасць набыла і ўся каманда. Парадаваў навічок Максім Наварыч, надзейна гуляў Вячаслаў Міхальчанка. Нягледзячы на тое, што Уладзімір Юрцэвіч увайшоў у склад лепшых бамбардзіраў, ад яго чакаў большага. Спадзяюся, што ў наступным сезоне каманда захаваецца ў тым жа складзе і здолее часцей радаваць балельшчыкаў сваёй гульнёй.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть