Спорт

ПЕРШЫ МАТЧ – ПЕРШАЯ ПЕРАМОГА

На лядовай арэне “Алімп” адбыўся матч чэмпіянату Брэсцкай вобласці (Заходняя ліга) па хакеі сярод аматарскіх каманд.

У стартавым паядынку “Лунінец” прымаў “Столін”. Нягледзячы на тое, што госці крыху спазніліся, балель-шчыкі не расчараваліся. Гульня аказалася цікавай і па-свойму драматычнай. У першым перыядзе гаспадары двойчы паразілі вароты сапернікаў. Другі 15-хвілінны адрэзак быў за столінцамі, якія адыгралі адну шайбу. Трэці перыяд праходзіў у роўнай барацьбе. І каманды “ветліва” абмяняліся галамі. У выніку – 3:2 – першая перамога “Лунінца”. Вызначыліся Дзмітрый Дырда, Аляксандр Лабко і Міхаіл Кудзін.
Не сумавалі балель-шчыкі і ў перапынках. З задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсе на самага трапнага хакеіста, забіваючы шайбу ў вароты з цэнтра пляцоўкі. 
Напярэдадні Дня маці не засталіся без увагі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Адзначаны балельшчыцы – самая юная і самая актыўная. Прызы для аматараў хакею прадаставіў індывідуальны прадпрымальнік Міхаіл Цыганкоў, які, дарэчы, з’яўляецца капітанам каманды “Лунінец”.
“ГРАНІТ” ПАЧЫНАЕ І ВЫЙГРАВАЕ
У Смаргоні аднайменны клуб у рамках чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе прымаў мікашэвіцкі “Граніт”.
Абедзве каманды спакойна пачалі сустрэчу, але такая сітуацыя ніколькі не задавольвала гасцей, якія ўсё актыўней праяўлялі сябе ў нападзенні. На 32-ой хвіліне Алег Попель адкрыў лік і вывеў “гранітаўцаў” наперад. Лік захоўваўся амаль да сярэдзіны другога тайма, пакуль гаспадары намаганнямі Ягора Сямёнава не адыгралі прапушчаны мяч. “Граніт” адчуваў, што можа дабавіць, і прыкладаў сілы, каб увезці са Смаргоні тры ачкі. Яму гэта ўдалося. На 83-яй хвіліне Дзмітрый Ігнаценка забіў другі мяч у вароты гаспадароў, а ў дабаўлены арбітрам час Дзмітрый Бутрам’еў замацаваў перавагу – 3:1.
У суботу, 20 кастрычніка, на стадыёне “Палессе” адбудзецца матч з удзелам каманд “Граніт” і “Полацк”. Пачатак у 15 гадзін. 
НА КУРАЖЫ
Другі матч запар “Базар” праводзіць так, як даўно чакалі ад яго балельшчыкі і трэнер. На выездзе, гуляючы з “Рудакова” (Віцебскі раён), лунінчане перамаглі з лікам 4:2.
 Спачатку Віктар Юрага рэалізаваў пенальці, потым Міхаіл Санюковіч і Дзмітрый Колас зрабілі адрыў у тры мячы. Калі да заканчэння першага тайма заставалася 2 хвіліны, гаспадары адыгралі адзін мяч. Другая палова сустрэчы прайшла ў роўнай барацьбе. За 2 хвіліны да заканчэння матча “рудакоўцы” звялі да мінімуму адставанне і перайшлі ў нападзенне ўсімі сіламі, замяніўшы варатара пятым палявым іграком. Гэтай сітуацыяй скарысталіся лунінчане, і Дзмітрый Сазонаў забіў чацвёрты мяч у пустыя вароты. 
А вось “Граніт” па-ранейшаму не можа парадаваць выніковай гульнёй. Дамашні матч з “ВітЭнам” закончыўся паражэннем 1:4. Самым сумным было тое, што мячы роднаму “Граніту” забівалі сваі ж, можна сказаць, ігракі – Леанід Шылоўскі (3) і Станіслаў Лямешка (1), якія цяпер выступаюць за “ВітЭн”. За віцебскі клуб выступае і галкіпер Аляксандр Мароз. Менавіта ў той момант, калі яго замянілі, адзіны мяч у вароты віцябчан забіў гуляючы трэнер Аляксей Шаўчэнка.
У наступным туры 27 кастрычніка “Граніт” правядзе матч на выездзе з дэбютантам – “Фортэ”, а 28 кастрычніка “Базар” будзе прымаць “Дарожнік”.

АСЕННЯЕ ПЕРШЫНСТВО
У Брэсце завяршыліся абласныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы сярод выхаванцаў спартыўных школ 1998-99 гадоў нараджэння. 
Двойчы на п’едэстал гонару паднімаўся Павел Дырда ў бегу на 60 і 300 метраў. Бронзавым прызёрам стаў Стэфан Рудзянок, які пераадолеў вышыню 145 сантыметраў. У кроку ад прызавой тройкі спыніўся Антон Кунахавец у бар’ерным бегу на 60 і 300 метраў. Заліковыя ачкі прынёс камандзе Ула-дзіслаў Віднікевіч.
У агульным пратаколе выхаванцы СДЮШАР занялі шостае месца.  
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть