Спорт

ПЕРШЫЯ КРОКІ

Да 100-годдзя беларускага футболу

У жніўні будзем адзначаць 100-годдзе беларускага футболу.

У еўрапейскай футбольнай гісторыі афіцыйнае нараджэнне футболу ў той ці іншай краіне прынята лічыць з публікацыі якіх-небудзь дакументаў, што пацвярджаюць арганізаваны характар гульні, напрыклад, правядзенне матча па адпаведных правілах або па іншых крытэрыях (зацвярджэння заснавальных дакументаў, Статута лігі) і г.д.

У Англіі адлік вядзецца з 1863 года, калі была створана першая футбольная асацыяцыя і зацверджаны правілы гульні ў футбол, але гэта не значыць, што дагэтуль у футбол тут не гулялі. У Расіі за кропку адліку прыняты футбольны матч, які адбыўся 24 кастрычніка 1897 года паміж камандамі «Спорт”, дзе большасць ігракоў былі расіяне, з камандай Васілевостраўскага гуртка аматараў спорту.

На тэрыторыі Беларусі першыя крокі футбол зрабіў у пачатку 20-га стагоддзя ў губернскіх і буйных уезных гарадах. Гэтаму спрыяла некаторае ажыўленне эканамічнага жыцця ў 1910-1914 гадах.

Датай нараджэня арганізаванага футболу ў Беларусі можна лічыць лета 1911 года, калі ў розных друкаваных выданнях былі змешчаны справаздачы аб матчах, згуляных па правілах фуболу паўнацэнымі саставамі (адзінаццаць на адзіннацаць), на падрыхтаваных пляцоўках, з арбітрам, у прысутнасці гледачоў.

На жаль, акрамя кароткіх справаздач у пажаўцелых ад часу дарэвалюцыйных газетах і часопісах да нашых дзён іншай інфармацыі не дайшло.

Па ўспамінах аднаго з першых айчынных футбалістаў гамяльчаніна Усевалада Кубліцкага, піянерам футбольнага руху ў Беларусі стаў адзін з мацнейшых ігракоў поўдня Расіі А.Л. Лібман, служачы Гомельскага аддзялення Арлоўскага банка. У Гомель прыехаў з Кіева. Яго імя асацыіруецца з «Першай гімнастычнай футбольнай камандай”. Гульня распаўсюджвалася па гораду, як эпідэмія. Да пачатку навучальнага года ў Гомелі было ўжо 4 каманды, дабавіліся «Вікторыя”, «Унітас” і «Надзея”. Матчы праходзілі на пустцы. Замест трусоў выкарыстоўваліся абрэзаныя гімназічныя парусінавыя штаны, бутсамі служылі старыя боты або лапці. На чатыры каманды быў усяго адзін мяч…

Ужо ў 1911 годзе гамяльчане правялі першынство горада, праз год – першыя міжгароднія сустрэчы з футбалістамі Добруша, Новазыбкава, Злынкі і Клянцоў. Каманда «Спорт” (так стала называцца «Першая гімнастычная футбольная каманда”) амаль заўсёды перамагала.

А вось, што пісалі на старонках часопіса «Рускі спорт” у 1911 годзе: «На станцыі Пагодзіна Брэсцкай чыгункі (Гродзенская губернія) арганізаваўся гурток аматараў спорту. Усё лета гулялі ў футбол, займаліся лёгкай атлетыкай. 7 жніўня адбыўся матч у футбол з камандай вялікай суседняй станцыі Баранавічы. Пераможцай выйшла каманда «Пагодзіна” з лікам 6:0…”

У 1911 годзе ў Магілёве ў друкарні мясцовага губернскага праўлення былі надрукаваны першыя «Правілы гульні”. Цяжка пераацаніць ролю, якую яны адыгралі ў развіцці і распаўсюджванні футболу ў Беларусі.

У адрозненні ад маскоўскага і пецярбургскага выданняў, у магілёўскіх правілах амаль поўнасцю адсутнічала замежная тэрміналогія. Гэтыя правілы былі прасцей і больш зразумелымі. Да таго ж, у іх адзначаліся мясцовыя ўмовы гульні, якімі карысталіся аматары футболу ў беларускім краі. У магілёўскіх правілах, напрыклад, можна сустрэць заўвагу, што «суддзя можа ў выпадку неабходнасці аглядзець боты ігракоў”. Слова «бутсы” тут не сустракаецца, бо такая экепіроўка была не па кішэні футбалістам. У чацвёртым параграфе правіл пад назвай «Як бярэцца горад” гаворыцца: «калі перакладзіна падчас гульні ўпадзе, суддзя можа лічыць горад узятым, у тым выпадку, калі мяч, на яго думку, прайшоў пад перакладзінай”. У той час перакладзіны варот часта падалі з-за моцных удараў.

Працяг будзе.

Звяртаемся да аматараў футболу. Калі вам вядомы цікавыя гістарычныя факты развіцця футболу на Лунінеччыне, тэлефануйце на нумар 2-24-41.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть