Спорт
ПЕРШЫЯ ПЕРАМОГІ
Лёгкая атлетыка
Сваю падрыхтаванасць да зімовага перыяду правяралі юныя спартсмены ў Пінску, дзе адбылася матчавая сустрэча з удзелам каманд Іванаўскага і Пінскага раёнаў, гарадоў Пінск і Лунінец.
У лунінчан ва ўзроставай групе 1998-99 гадоў нараджэння вызначыліся Ганна Мішук, якая заняла трэцяе месца ў бегу на 30 метраў і другое ў бар’ернай дысцыпліне. Аляксандр Шпакоўскі паказаў другі вынік у скачках у вышыню.
Ва ўзроставай групе 2000 года нараджэння і маладзей яркім лідарам стала Ірына Ванюк, якая тройчы падымалася на вышэйшую прыступку гонару – у бегу на 30 метраў і 35 з бар’ерамі, а таксама ў скачках у вышыню. Лера Вярэніч не пакінула шанцаў саперніцам на 300-метроўцы. Юрый Івашка заняў першае месца ў бегу на 30 і 300 метраў, другое – у бар’ерах і скачках у вышыню. Аляксандра Прыгодзіч заняла другое месца ў бегу на 35 метраў з бар’ерамі.
Лепшых спартсменаў запрасілі на трэніровачныя зборы ў Брэст.
Футбол
З ХАКЕЙНЫМ ЛІКАМ
У чарговым матчы чэмпіянату краіны па футболе ў першай лізе «Граніт” гуляў у Светлагорску з мясцовым «Хімікам” і ўзяў верх з лікам 5:2.
У нашай камандзе вызначыліся Аляксандр Дзямешка, Дзмітрый Філіновіч, Вадзім Бойка і двойчы Кірыл Шрэйтар. Нягледзячы на перамогу, месца ў турнірнай табліцы засталося ранейшым. Аднак, ёсць шанц падняцца на пару прыступак уверх. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі ўдала згуляюць «гранітаўцы” дома супраць суседа не толькі па турнірнай табліцы, але і ў геаграфічным маштабе – пінскай «Хвалі”.
У суботу, 5 лістапада, на стадыёне «Палессе” адбудзецца матч з удзелам каманд «Граніт” і «Хваля”. Пачатак гульні ў 14 гадзін. Білеты можна набыць у касах стадыёна з 11.00.
Міні-футбол
СУПРАЦЬ ЛІДАРА І АЎТСАЙДАРА
Фаварыт «Лідсельмаш” з вялікай цяжкасцю зламіў супраціўленне «Базара”.
У тым, што для «Базара” не існуе «аўтарытэтаў”, неаднаразова сведчылі паядынкі супраць лідараў у чэмпіянатах краіны мінулых год. На гэты раз, гуляючы ў Лідзе, лунінчане таксама прадэманстравалі волю да перамогі. Яны першымі адкрылі лік. Гэта зрабіў Аляксандр Рэпецкі. Ён жа, пасля таго, як гаспадары выйшлі наперад, зраўняў лік 2:2. Пры такім раскладзе каманды накіраваліся на перапынак. На першай жа хвіліне другога тайма Алег Гарбенка вывеў «Лідсельмаш” наперад. На працягу астатняга часу абедзьве каманды неаднаразова мелі шанц вызначыцца, але лік 3:2 захаваўся да канца гульні.
У гэты ж час у Мінску «Граніт” сустракаўся з аўтсайдарам – «Дынама-БНТУ”. Мікашэвіцкія футбалісты дзейнічалі актыўна і першымі дабіліся поспеху. Гол на 12-й хвіліне забіў Алег Міхневіч. Гэта раз’юшыла гаспадароў, якія актывізавалі гульню і перамаглі з лікам 6:3.
5 лістапада, у суботу, у 9-м туры «Граніт” згуляе дома з баранавіцкім «Гаспадаром” Пачатак матча ў 13.30.