Спорт

ПЕРШЫЯ РЭКОРДЫ НОВАГА СТАДЫЁНА

Новы стадыён “Палессе” ўпершыню прымаў удзельнікаў лёгкаатлетычных спаборніцтваў.

Кажуць, усё новае – даўно забытае старое. Можа так яно і ёсць. 25 год таму раённая спартакіяда пачыналася з вынасу Алімпійскага сцяга. З тагачасных спартсменаў, каму быў даручаны такі гонар, сёлета ва ўрачыстасці прынялі ўдзел толькі двое – Святлана Літвіненка (Лукашэвіч) і Алена Даніловіч (Шандарэўская). Да іх далучыліся Святлана Лебядзеўская (Гусціновіч), Наталля Дырда (Свярчкова), Аксана Кулакевіч (Цяльпук) і Мікалай Чыкінда.

Падчас урачыстасці ветэранам спорту ўручылі кветкі, а лепшыя спартсмены атрымалі грашовыя прэміі.

У тым, што лёгкая атлетыка сапраўды з’яўляецца адным з самых папулярных відаў спорту сярод школьнікаў сведчыла колькасць удзельнікаў – больш як 200! Першымі ўступілі ў барацьбу хлопчыкі і дзяўчынкі 1994-95 гадоў нараджэння. Высокі вынік у бегу на 800 метраў паказаў Максім Наварыч з Луніна – 2.08,9 хвіліны. Двойчы сталі пераможцамі Таццяна Кіндрук з СШ №2 г. Лунінец (60 метраў з бар’ерамі і 200 метраў) і Аляксандр Шыш з СШ №4 (60 метраў з бар’ерамі і 100 метраў). Ганна Гашчук (СШ № 2) стала лепшай у скачках у вышыню – 145 сантыметраў.

На вышэйшую прыступку п’едэстала гонара таксама падняліся Аляксандр Кузьміч з Дзятлавіч, Анжэла Яцукевіч з Язвінак, Дзмітрый Бяляк з лунінецкай СШ №1, Насця Ільючык з Багданаўкі, Генадзь Багук з мікашэвіцкай СШ №1 і Насця Бусько з Луніна.

Праз дзень на бегавых дарожках і ў спартыўных сектарах барацьбу вялі юнакі і дзяўчаты 1992-93 гадоў нараджэння.

Уразіла выступленне Алены Герасімчук (СШ №4), якая ўстанавіла новы рэкорд ДЮСШ у бегу на 100 метраў – 11,8 секунды (нарматыў “Кандыдата ў майстры спорту”). Яе калега па камандзе Андрэй Мартынкоўскі на гэтай жа дыстанцыі паказаў вынік 11,4 секунды. Дзяніс Неўдах з Дварца ў скачках у даўжыню “ўляцеў” за 6-метровую адзнаку (6.07 метраў) і стаў пераможцам. Аляксандр Богдан з лунінецкай СШ №2 перамог у бар’ернай дысцыпліне. Пераадолеўшы планку на вышыні 175 сантыметраў Сяргей Гнедзька з лунінецкай СШ №1 стаў недасягальным для сапернікаў. На дыстанцыі ў адзін круг перамог Ілья Карпінскі з мікашэвіцкай СШ №1. На 800-метроўцы вызначылася Крысціна Зіновік з Дзятлавіч. 

Пераможцамі спаборніцтваў таксама сталі Аліна Грудзько (лунінецкая СШ №2), Юлія Зіміч і Сяргей Караваевіч (абодва – Кажан-Гарадоцкая СШ), Андрэй Гелец (ліцэй), Вікторыя Кірыевіч (Лахвенская СШ) і Дар’я Кіндрук (лунінецкая СШ №1)

У камандным заліку сярод сярэдніх школ першае месца заняла СШ №1 г. Лунінца, другое – СШ № 2 г. Лунінца, трэцяе – Дзятлавіцкая СШ. Сярод базавых школ прызавую тройку склалі Азярніцкая, Запросская і Ракітнянская.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть