Спорт
ПРЫСТУПКА ДА ЧЭМПІЯНАТУ РАЁНА
Валейбол
Турнір па валейболе памяці воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Захарчука сабраў у Рэдзігерава чатыры мацнейшыя каманды раёна – «Граніт”, «Рэдзігерава”, «Беларусбанк” і «Спецжалезабетон”.
Напружаная барацьба разгарнулася літаральна з першага матча, у якім гаспадары гулялі з «Гранітам”. Мікашэвіцкія спартсмены ў няпростым паядынку ўзялі верх з лікам 3:2. Яны ж перамаглі «Спецжалезабетон” (3:0) і «Беларусбанк” (3:2) і ў выніку сталі пераможцамі турніра. Другое месца заняла каманда «Рэдзігерава”, якая ўзяла верх над «Спецжалезабетонам” (2:0) і «Беларусбанкам” (3:1). Трэцім прызёрам стала каманда «Беларусбанк”.
Лепшымі ігракамі турніра названы Валерый Варабей («Граніт”), Аляксандр Саковіч («Рэдзігерава”), Мікалай Фурсевіч («Спецжалезабетон”) і Мікалай Грэбень («Беларусбанк”).
Трэнер каманды «Граніт” Леанід Дубовік:
– Выступалі мацнейшым саставам і прадэманстравалі нядрэнную падрыхтоўку. Хваляванне даставіла першая гульня з «Рэдзігерава”, аднак у заключнай пятай партыі праявілі волю да перамогі. Апошні паядынак з «Беларусбанкам” не мог паўплываць на канчатковы вынік, і, усё ж, расслабляцца не сталі і згулялі ўпэўнена, як і належыць мацнейшай камандзе. Спадзяюся, што і ў чэмпіянаце раёна «гранітаўцы” выступяць таксама паспяхова.
Міні-футбол
ВАЛЯВАЯ ПЕРАМОГА
У нядзелю ў спартыўнай зале СДЮШАР адбыўся матч землякоў: «Базар” прымаў «Граніт”.
Аб тым, што гульня будзе няпростай для абедзвюх каманд было прадказальным. Менавіта ў напружанай барацьбе праходзілі большасць папярэдніх сустрэч з іх удзелам.
Разведка «боем” працягвалася хвілін сем. І «гранітаўцы” першымі адкрылі лік. Зрабіў гэта капітан каманды Аляксандр Самусевіч. Лунінчане не прымусілі сябе доўга чакаць і адказалі трыма мячамі, два з якіх забіў капітан «Базара” Вадзім Бандарук і адзін – Максім Наварыч. З лікам 3:1 на карысць гаспадароў завяршылася першая палова сустрэчы.
Цудоўны настрой лунінецкай каманды працягваўся да сярэдзіны другога тайма, калі Вадзім Бандарук адправіў чацвёрты мяч у сетку варот. Падалося, што зыход матча амаль вырашаны. Аднак, «гранітаўцы” не збіраліся здавацца. Літаральна за 2 хвіліны яны намаганнямі Дзяніса Кіслюка, Аляксандра Самусевіча і Алега Міхнюка ўстанавілі раўнавагу – 4:4. А рашаючы гол у матчы застаўся за капітанам «гранітаўцаў”, які вывеў каманду наперад. 4:5 – паражэнне гаспадароў.
У суботу, 3 снежня, «Базар” згуляе ў Мінску з «Ітранзішэн-БГУФК”, а ў нядзелю, 4 снежня, «Граніт” правядзе дамашні паядынак з «БТЭУ”.