ПЯЦІСЭТАВЫЯ “РАЗБОРКІ”
На самыя ўрачыстыя мерапрыемствы вядомыя асобы звычайна прыязджаюць на лімузіне. Для каманды “Феміда” фінал першынства раёна па валейболе, здаецца, не менш важная падзея, таму менавіта на ім прыехалі спартсмены ў Мікашэвічы. Ужо гэты факт сведчыў аб тым, што лунінчане настройваліся толькі на перамогу.
Крыху прахалодная зала Палаца культуры “Граніт” пры паяўленні на валейбольнай пляцоўцы каманд “Феміда” і “ЖКГ” хутка “адтала”. З першых хвілін можна было зразумець, што барацьба за кожнае ачко будзе весціся напружаная. Калі на табло лік па сэтах быў 1:1 і ішоў трэці, “Феміда” ўпэўнена пайшла ў адрыў. Раптам Аляксандр Амельяновіч атрымаў сур’ёзную траўму. У чаканні “Хуткай” гульню на некалькі хвілін спынілі. Як ні сумна, але гэты выпадак не дазволіў пэўны час спартсменам “Феміды” знайсці сваю гульню, хаця трэці сэт застаўся за імі. Мікашэвіцкія камунальнікі адчулі слабінку сапернікаў і перахапілі ініцыятыву. Калі ў апошнім сэце, у якім барацьба вядзецца да 15 ачкоў, на табло высветліліся лічбы “14:11” на карысць “ЖКГ”, мало хто верыў у драматычны сцэнарый. Хутчэй за ўсё мікашэвіцкія валейбалісты рана паверылі ў блізкую перамогу. Жаданнне ж “Феміды” перамагчы было намнога большым, і яны здолелі не толькі зраўняць лік, але забіць пераможны мяч. Перадаць усе эмоцыі, што панавалі ў той час на пляцоўцы проста немагчыма. Адзначу толькі, што ў самых актыўных балельшчыкаў Вячаслава Кляўчэні і яго маленькай дачушкі на вачах паявіліся слёзы радасці. Капітан каманды Васіль Шчагрыковіч падкрэсліў:
У тым, што гульня за першае месца будзе не менш цікавай, сумнявацца не даводзілася, тым больш, што на пляцоўку выйшлі даўнія сапернікі, якія на працягу некалькіх год аспрэчваюць лідэрства, – “Граніт” і “Банк-Водаканал”.
Заўсёды здзіўляе спакойнасць каманды “Граніт”: нават у самых складаных сітуацыях ігракі праяўляюць вытрымку і ўзаемапавагу адзін да аднаго. А вось што датычыць іх сапернікаў, то іншы раз за эмоцыямі яны “губляюць” сваю гульню. Між тым, калі на пляцоўцы знаходзяцца гэтыя каманды, прыхільнікі валейболу атрымліваюць сапраўдную асалоду. Калі пасля першых двух сэтаў “Граніт” захапіў лідэрства, падалося, што ў “банкіраў” няма ніякіх шанцаў. Аднак, у адказны момант лунінчане змаглі прадэманстраваць прыгожую і захапляльную гульню. І зноў, як і ў папярэднім матчы гульня дайшла да пятага сэта. І зноў на табло: “14:11” на карысць мікашэвіцкіх спартсменаў. Трыбуны настолькі актыўна падтрымлівалі сваіх спартсменаў, што іншы раз не было чуць нават свістка арбітра. “Граніт” – вопытная каманда, якая ў кульмінацыйны час паставіла пераможную кропку ў матчы.
– Мы імкнуліся падарыць балельшчыкам сапраўднае спартыўнае свята. Мяркую, што нам гэта ўдалося. Энергетыка, якой напоўнілі залу прыхільнікі валейболу, перадавалася нам, таму перамогу мы падзяляем з усімі.