Спорт

“РАЛІ” ДЛЯ АДВАЖНЫХ

У Кубку Брэсцкай вобласці памяці В.І. Прудзелюка каманда Сінкевіцкай СШ прымала ўдзел у другі раз. Летась прадстаўнікі нашага раёна замкнулі васьмёрку мацнейшых. 
У першы дзень спаборніцтваў неабходна было пераадолець кароткую камандную дыстанцыю, якая складалася з шасці этапаў. Стартавалі выдатна. Першыя два выпрабаванні даліся настолькі ўдала, што нават дагналі каманду, якая выйшла на дыстанцыю раней. Суддзі далі адсечку, і рух вымушаны былі спыніць. Парушылі рытм, і далей па этапах перасоўваліся не так хутка. Асабліва складаным падалася навясная нахільная ўверх. Накрапваў дожджык, і невялікі вопыт удзелу ў спаборніцтваў не дазволіў прайсці яе беспамылкова. Пры спуску Дзюльфера адчулі недахоп амуніцыі (гэтак жа і падчас іншых выпрабаванняў). Загубілі шмат часу. У выніку пасля першага дня спаборніцтваў зноў былі толькі восьмымі.
У другі дзень на старт асабістай кароткай і доўгай дыстанцыі выйшлі 6 чалавек. Першымі ўступілі ў барацьбу дзяўчынкі. Васьмікласніца Анжэла Крывулец фінішавала 16-ай з 34-ох удзельніц. Услед за ёй эстафету прыняла Ангеліна Клеўжыц, якая ў асабістым заліку была 20-ай.
У юнакоў удзел у спаборніцтвах бралі 64 юных турысты. Упэўнена прайшлі па абедзвюх дыстанцыях Ілья Голуб (22-гі) і Васіль Клеўжыц (15-ы). Мог трапіць у прызёры капітан каманды Віталь Баўкуновіч. На трэцім этапе – “арыенціраванне” за 10 хвілін неабходна было знайсці 8 кантрольных кропак. Віталь забыў гадзіннік і крыху перабраў час. Знайшоў 6 кропак, але зарабіў “баранку”. У сувязі з тым, што спаборніцтвы зацягваліся і хутка стала цямнець, Ігар Асіпчук прайшоў толькі “кароткую лічку”.
У трэці дзень каманда зноў павінна была дэманстраваць зладжанасць, узаемападтрымку і ўзаемавыручку. Доўгую камандную дыстанцыю з васьмі этапаў турысты назвалі “Ралі”. Няпроста складвалася транспарціроўка “пацярпеўшага” па навясной пераправе, якую самі наводзілі. Судзейская брыгада адзначыла ўдалае выступленне нашых землякоў на этапе “паралельныя поручні ў тры ніці”, дзе ўступілі толькі мацнейшым камандам з Камянца і Баранавіч. Па суме балаў усіх выпрабаванняў сінкевіцкія школьнікі занялі пятае месца.
– Вельмі задаволены выступленнем сваіх падапечных, – дзеліцца ўражаннямі трэнер, настаўнік геаграфіі Сінкевіцкай СШ Анатоль Крывулец. – Прыемна, што здолелі так высока падняцца. І гэта нягле-дзячы на тое, што каманда вельмі маладая і пакуль не мае вопыту. Але ж ёсць перспектыва. Для больш удалага выступлення ў нас не хапае амуніцыі. Няма вяровак, абвязак, спускавых механізмаў. Дапамагаюць такія ж энтузіясты, як сам.  Іншы раз выручае РУВП “Граніт”. Заўзяты прыхільнік турызму Васіль Юнгаў аказвае садзеянне ў падрыхтоўцы каманды, у прыватнасці, у трэніроўках на вадзе. Таксама Анатоль Нефідовіч з Любані заўсёды ідзе насустрач, калі патрэбна падрыхтоўка на байдарках. Удзячны аддзелу адукацыі, які выдзеліў аўтобус для паездкі на спаборніцтвы. Дзякуй і бацькам за разуменне і падтрымку, а таксама за цудоўных дзяцей, якія ўмеюць змагацца, сябраваць і дабівацца пастаўленых мэт.
ПЕРАХОДНЫ КУБАК МЯНЯЕ ЎЛАДАЛЬНІКА
У раёне ліцэя ў дзевяты раз прайшлі раённыя турыстычныя спаборніцтвы сярод каманд навучальных устаноў. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі Дубаўскай, Сінкевіцкай, Палескай, Вялікачучавіцкай, Дварэцкай, Язвінскай СШ і Бродніцкай БШ, якія маюць пэўны вопыт праходжання турыстычных этапаў.
На працягу двух дзён юныя турысты дэманстравалі навыкі ў агульнакаманднай і асабіста-каманднай тэхніцы і спартыўным арыентаванні. Лепшы вынік паказала Сінкевіцкая СШ, якая прыняла пераходны Кубак у пераможцы вясенняга этапа – Дубаўскай СШ, якая на гэты раз была трэцяй. Дыпломам другой ступені адзначана Язвінская СШ.
Людміла КАРПОВІЧ, метадыст цэнтра турызму і экскурсій дзяцей і моладзі.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть