Спорт

“РАЎНЕННЕ НА ГЕРОЕЎ ПЕРАМОГІ!”

У рамках аднайменнай рэспубліканскай патрыятычнай акцыі, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у стралковым ціры лунінецкай СШ №2 прайшоў Кубак Лунінецка-Ганцавіцкага міжраённага савета ДТСААФ па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Два гады запар пераможцамі гэтага прэстыжнага турніра станавіліся гаспадары. І толькі перамога ў трэці раз гарантавала ім права назаўсёды пакінуць кубак у сябе. Менавіта таму да выпрабаванняў вучні СШ №2 рыхтаваліся адказна, нягледзячы на тое, што выступалі ў рангу пераможцаў абласных спаборніцтваў.

11 мацнейшых каманд раёна вялі барацьбу за кубак, аднак скласці сур’ёзнай канкурэнцыі гаспадарам так ніхто і не змог. Ганна Даніловіч паказала абсалютна лепшы вынік – 160 ачкоў. Калега па камандзе Максім Кавалевіч усяго ачко ўступіў дзяўчыне, але быў лепшы сярод юнакоў. Яшчэ адзін прадстаўнік гэтай жа школы Аляксандр Аляшкевіч заняў трэцяе месца.

Сярэбранымі прызёрамі сталі Кацярына Коваль і Уладзіслаў Гардзіевіч, бронзавым – Лілія Капліч (Сінкевіцкая СШ).

У камандным першынстве перамагла лунінецкая СШ №2. Другое месца занялі навучэнцы прафліцэя, трэцяе – вучні Сінкевіцкай СШ.
Пераможцаў і прызёраў віталі старшыня Лунінецка-Ганцавіцкага міжраённага савета ДТСААФ Барыс Гнедзька, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Аляксандр Рамановіч і другі сакратар гаркама БРСМ Андрэй Кіслюк.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть