РАЎНЕННЕ НА ЗМЕНУ
Як бы балельшчыкам «Граніта” хацелася, каб іх каманда выступала так жа паспяхова, як падрастаючая змена. У першынстве краіны сярод юнакоў 1996 года нараджэння сярод каманд першай лігі «Граніт” стаў пераможцам, апярэдзіўшы 9 зборных.
Адным з прыемных момантаў сустрэчы асноўнай каманды «Граніт” з пінскай «Хваляй” стала ўзнагароджанне юных спартсменаў. Кубак, медалі і граматы ўручыў «гранітаўцам” старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. Самых цёплых слоў заслужылі і трэнеры Анатоль Старкоў і Анатоль Міхневіч.
Гледзячы на ўрачыстую цырымонію, дружына Валерыя Бахно проста не мела права азмрочыць такі цудоўны настрой. Дажджлівае надвор’е перашкаджала паказваць захапляльны футбол, але ўпартасць прывяла да поспеху. Спачатку Шрэйтар адкрыў лік у матчы, а потым Якубовіч замацаваў перавагу. 2:0 – заслужаная перамога «Граніта”.
Да заканчэння чэмпіянату краіны ў першай лізе застаецца ўсяго адзін тур, але інтрыга за лёс пуцёўкі ў лігавыя стыкі застаецца. Адзін з прэтэндэнтаў мінскі «СКВІЧ” правядзе гульню з «Гомелем”, другі – «ДСК” чакае няпросты матч са «Славіяй-Мазыр”. Калі названыя матчы завершацца паражэннем кандыдатаў на месца ў вышэйшым дывізіёне, «Граніт” зможа іх абагнаць, абыграўшы аўтсайдэра «Ліду”.