Спорт

РЭПЕТЫЦЫЯ ПЕРАД АБЛАСНЫМ ПЕРШЫНСТВОМ

ВАЛЕЙБОЛ
35-годдзю заснавання Пінскага машынабудаўнічага каледжа быў прысвечаны валейбольны турнір, у якім брала ўдзел каманда Лунінецкага політэхнічнага каледжа.

Барацьбу за кубак, акрамя гаспадароў і нашых землякоў, вялі навучэнцы Баранавіцкага машынабудаўнічага каледжа і пінскага завода «Кузлітмаш”.
У першым паядынку лунінчане без асаблівай цяжкасці перамаглі гаспадароў з лікам 2:0. У другім саступілі завадчанам з такім жа лікам, а ў трэцім – узялі верх над баранавіцкай камандай. У выніку юнакі з політэхнічнага каледжа занялі другое месца, але прызнаны лепшай маладзёжнай камандай.
Гэта быў першы старт у новым сезоне і, можна сказаць, рэпетыцыя перад абласным першынством. Ужо 11 снежня валейбалісты прымуць старт у занальным адборы. Нагадаю, летась прадстаўнікі Лунінеччыны былі бронзавымі прызёрамі. Заваяваныя пазіцыі яны не збіраюцца губляць і ў гэтым годзе. Аналізуючы сваё выступленне, юнакі сцвярджаюць, што пакуль не зусім хапае зладжанасці. Але яны ўпэўнены, што гэты недахоп здолеюць выправіць да адказных матчаў.
На здымку: Сяргей ЛУСЕВІЧ, Дзмітрый ГЛІНСКІ, Кірыл ПОВЫШАЎ, Дзмітрый ЛАТЫШЭВІЧ, Сяргей МІКУЛІЧ (капітан), Максім ДУНЬЧЫК і трэнер Аляксандр МІРАНОВІЧ.
ФІНАЛ САБРАЎ МАЦНЕЙШЫХ
У фінал раённай спартакіяды школьнікаў па валейболе сярод дзяўчат трапілі 8 каманд. На валейбольных пляцоўках лунінецкай СШ №2 і політэхнічнага каледжа адбыліся паядынкі, якія і вызначылі мацнейшых.
Як і летась, лепшымі сталі валейбалісткі Лахвенскай СШ (трэнер П.І. Кузьміч). У матчы за першае месца яны ўзялі верх над камандай Дварэцкай СШ (Д.В. Богдан). Ва ўпартым паядынку за трэцяе месца дзяўчаты Вялікачучавіцкай СШ (А.М. Раўковіч) перамаглі равесніц з мікашэ-віцкай СШ №2. На жаль, сёлетні сезон не вельмі ўдаўся падапечным Сяргея Гуцалы: з-за ўласных памылак яны прайгралі ў паўфінале дварэцкай камандзе ў рашаючым сэце 14:16, выйграваючы па ходу гульні 14:12…
Астатнія каманды размясціліся ў турнірнай табліцы наступным чынам: Язвінская СШ, гімназія, Рэдзігераўская СШ, ліцэй.
БАСКЕТБОЛ
РЭСПУБЛІКАНСКАЯ БРОНЗА
На рэспубліканскае першынство па баскетболе ў Гродна сабраліся мацнейшыя каманды ўстаноў прафтэхнавучання з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска.
Брэстчыну прадстаўлялі юнакі Лунінецкага сельгаскаледжа. З вялікай перавагай яны ўзялі верх над камандамі Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей і зусім крыху ўступілі Магілёўскай і Гродзенскай. У выніку баскетбалісты сельскагаспадарчага каледжа сталі бронзавымі прызёрамі. На п’едэстал прадстаўнікі Брэстчыны падняліся ўпершыню. Акрамя гэтага, лепшым цэнтравым іграком прызнаны Аляксандр Блоцкі.
Трэнер каманды Віталь Каташук выказвае ўдзячнасць адміністрацыі каледжа і РФСК «Здароўе” за садзеянне ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў.
НАСТОЛЬНЫ ТЭНІС
ГОНАР БРЭСТЧЫНЫ БУДУЦЬ АБАРАНЯЦЬ ЛУНІНЧАНЕ
У Лунінцы адбыліся абласныя спаборніцтвы па настольным тэнісе сярод дзяцей і падлеткаў, якія займаюцца па месцы жыхарства. Барацьбу за права прадстаўляць Брэстчыну на рэспубліканскім этапе вялі 10 каманд. 

Наш раён прадстаўлялі вучні Дварэцкай і Дзятлавіцкай СШ, выхаванцы Васіля Коўшыка і Віктара Канапацкага. Прадэманстраваўшы волю да перамогі, нашы тэнісісты сталі пераможцамі. Гэта Мікалай Ванюк, Ігар Кіндрук, Уладзіслаў Чарнавокі, Яўген Ячмяновіч, Надзея Коваль, Кацярына Сумарэвіч, Анастасія Ільючык і Анастасія Кавалевіч. Пажадаем юным аматарам настольнага тэнісу поспеху ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, якія пройдуць у снежні ў Гродна. 
МІНІ-ФУТБОЛ
ПРЫЕМНА ПАРАДАВАЛІ
Паспяхова для абедзвюх нашых каманд склаўся 11-ты тур чэмпіянату краіны па міні-футболе.
У Лунінцы «Базар” прымаў «Нёман” з Бярозаўкі, які затрымаўся ў дарозе на 1,5 гадзіны. Але балельшчыкі былі ўзнагароджаны за цярплівасць. Свісток арбітра абвясціў аб пачатку гульні, і амаль адразу атака гасцей прывяла да поспеху. Хутка ў варотах лунінчан пабывалі яшчэ два мячы. Няўжо зноў каманда страціла баявы дух, які прысутнічаў у апошніх паядынках? Хваляванні былі дарэмнымі. Героем матча стаў Андрэй Скварчэўскі, які запісаў на свой рахунак 4 мячы. Пяты гол забіў Дзмітрый Троцкі. Госці імкнуліся пераламіць ход гульні, замяніўшы варатара на пятага палявога іграка. Такая тактыка прынесла свой плён: перавага гаспадароў скарацілася да мінімуму. Але «Базар” вытрымаў выпрабаванне і заслужыў тры ачкі – 5:4.
«Граніт” гуляў на выездзе з камандай «Кіраўск-ДЮСШ”. Нягледзячы на тое, што гаспадары першымі адкрылі лік, мікашэвіцкія футбалісты яшчэ да перапынку выраўнялі становішча, а ў другой палове выйшлі наперад. Аўтарам абодвух мячоў стаў Алег Міхнюк. 2:1 – перамога «гранітаўцаў”.
У наступным туры 2 снежня «Граніт” будзе прымаць «ЦКК”, а «Базар” згуляе на выездзе з «Ітранзішэн-БГУФК”.
ХХХ
Стартаваў Кубак Беларусі па міні-футболе.
У 1/16 фіналу 15 снежня «Базару” будзе супрацьстаяць аршанскі «Экамол”, а 22 снежня «Граніт” сустрэнецца са «Жлобінам”.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть