РЭВАНШ ЗА НЯЎДАЧУ Ў ЧВЭРЦЬФІНАЛЕ
У стартавым матчы другога круга чэмпіянату краіны па міні-футболе мікашэвіцкі «Граніт” дома разграміў чэмпіёна краіны «ВітЭн”, чым «адпомсціў” за паражэнне ў нядаўнім чвэрцьфінальным кубкавым паядынку.
Пачатак матча можна ахарактарызаваць як «разведку боем”, калі на пляцоўцы панавала роўная гульня. Між тым, гаспадары аказаліся больш настойлівымі, і на 8-ай хвіліні Міхнюк адкрыў лік. Пасля чаго галы літаральна пасыпаліся ў вароты адной з мацнейшых каманд краіны. Лямешка запісаў у свой актыў хет-трык, па два галы на рахунку Міхнюка і Кіслюка, па аднаму – Шылоўскага і Скакалкіна. «ВітЭн” адказаў толькі адзіным мячом. У выніку 9:1 – выдатная перамога «Граніта”.
«Базар” у Луніне сустракаўся з лідэрам чэмпіянату – «Дарожнікам”. У адсутнасці трох вядучых ігракоў, не ўсё атрымлівалася. Пры ліку 0:5 лунінецкія футбалісты быццам прачнуліся, але даганяць заўсёды складаней. У выніку 4:9 – паражэнне «Базара”.
У 17-ым туры, 14 лютага, «Базар” згуляе дома з суседам па турнірнай табліцы «Белшынай”, а «Граніт” – на выездзе з «Дарожнікам”.