Спорт
РЫЦАР ДЗЕСЯЦІ ЯКАСЦЕЙ
«Міхан – гэта ж Лунінецкая ДЮСШ!”, – прыйшло паведамленне на сайт ад Алега Куста, які зараз жыве ў расійскім Падольску. У словах былога выхаванца спартыўнай школы, майстра спорту па лёгкай атлетыцы было шмат радасці і гонару за земляка, які днямі стаў сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы сярод моладзі.
На жаль, у Лунінцы кабельнае тэлебачанне працуе зусім не так, як хацелася б. Крыўдна, што ў час трансляцый са спаборніцтваў канал «Еўраспорт” чамусьці аказаўся «заблакіраваным”, і за падзеямі аматары спорту сачылі па Інтэрнету або па сродках сувязі са знаёмымі ў іншых гарадах.
Эдуард Міхан зараз жыве і трэніруецца ў Гомелі разам з Андрэем Краўчанкам, якому належыць рэкорд Еўропы ў дзесяцібор’і – 8617 ачкоў. Гэта высокі вынік, але пераадолець 8-тысячны рубеж наш зямляк збіраўся яшчэ летась, але двойчы спыняўся на 7999. Гэтага старта вельмі чакаў, ды была нейкая няўпэненась.
– Рыхтаваўся да чэмпіянату вельмі сур’ёзна, але з-за траўмы не ўсю падрыхтоўчую работу правялі так, як планавалі з трэнерам Іванам Пятровічам Гардзіенкам. Між тым, мне ўсе казалі, што буду змагацца за перамогу, але я вельмі скептычна аднёсся да прагнозу.
На старт выйшлі 22 спартсмены, у іх ліку і пераможца юніёрскага першынства свету 2008 года немец Ян Фелікс Кнобель, якому Эдуард тады прайграў усяго два ачкі.
Першы від двухдзённага «марафона” – бег на 100 метраў. У трэцім забегу Міхан фінішаваў трэцім, але з вельмі высокім вынікам – 10,77 секунды, што з’яўляецца асабістым дасягненнем.
– Перад стартам думаў, што магу зысці з дыстанцыі, але калі ўбачыў такія лічбы, зразумеў, што трэба змагацца!
Апошнім часам не заўсёды атрымлівалася ў скачках у даўжыню паказаць той вынік, на які гатовы. На гэты ж раз, уляцеўшы на 7 метраў 56 сантыметраў, спартсмен таксама ўстанавіў асабісты рэкорд. І ў штурханні ядра зафіксавана ўласнае дасягненне – 13 метраў 98 сантыметраў. Пасля трох відаў Эдуард Міхан узначаліў агульны залік, апярэдзіўшы Кнобеля на 54 ачкі.
Скачкі ў вышыню заўсёды выклікаюць трывогу. Двухметровы рубеж пераадольваў спартсмен яшчэ некалькі год таму, але даўняя траўма не дазваляе псіхалагічна настроіцца на вышыню. І зноў, як кажуць, не дайшоў, спыніўся на 195 сантыметрах. Тым самым саступіў лідэрства чэху Хелцэлету.
Апошнім відам першага дня спаборніцтваў дзесяціборцаў стаў бег на 400 метраў. І зноў асабісты рэкорд – 48,02 секунды. Ён дазволіў зноў выйсці наперад.
Другі дзень рыцары дзесяці якасцей пачалі з бар’ернай дысцыпліны. І тут спецыялісты і балельшчыкі захваляваліся: першы фальстарт адбыўся з-за збою электроннай сістэмы, другі – зрабіў Міхан. І толькі з трэцяга разу спартсмены адправіліся на дыстанцыю. У выніку – толькі 14,80 секунды.
– Не задаволены, вельмі не задаволены, – каменціраваў сваё выступленне наш зямляк. – Так добра прайшоў першы дзень, і так дрэнна прабег бар’еры! Горш, здаецца, было толькі немцу Кнобелю, які ўпаў у другім забегу.
У сёмым відзе Эдуард выйграў спаборніцтвы ў кіданні дыску ў групе «А” – 44 метры 54 сантыметры і зноў перамясціўся на першы радок у агульным заліку. Каварныя скачкі з шастом завяршыў на вышыні 4 метры 60 сантыметраў і захаваў лідарства. У кіданні кап’я зноў устанавіў асабісты рэкорд – 57 метраў 10 сантыметраў. Аднак снарад бельгійца Томаса Ван Дэр Плаетсена ўляцеў намнога далей – за 63 метры, што дазволіла апярэдзіць нашага земляка.
Заставаўся апошні від спаборніцтваў – бег на 1500 метраў. Для перамогі Міхан павінен быў апярэдзіць саперніка на 13 секунд. Ён зноў пераўзышоў сабе, фінішаваўшы з вынікам 4.23,67 хвіліны, але гэтага зусім крыху не хапіла да чэмпіёнскага тытула.
Па выніках выступлення ў 10 відах беларус набраў суму 8152 ачкі і стаў сярэбраным прызёрам.
– Задаволены, што ёсць медаль, што ўстанавіў такое асабістае дасягненне і ўрэшце ўвайшоў у лік тых, хто набірае больш за 8 тысяч, – пракаменціраваў выступленне Эдуард Міхан. – Аднак вельмі расчараваўся, што не атрымалася выйграць. Мне нешта з лічбамі не шанцуе. У 2008-ым уступіў два ачкі, цяпер – пяць, двойчы летась набіраў «зачараваную” суму 7999. Радасна, што ў 6 відах з 10 устанавіў асабістыя рэкорды. Дзякуй усім маім родным, блізкім і ўсім, хто за мяне перажываў. Дзякуй майму трэнеру Івану Пятровічу Гардзіенку і першаму трэнеру Валерыю Пятровічу Жукоўскаму, а таксама масажыстам і ўрачам нацыянальнай каманды – без іх падтрымкі і дапамогі гэтага медаля не было б!