Спорт
СПАРТАКІЯДА НАБІРАЕ РАЗМАХ
Валейбол
У мінулыя выхадныя адбыліся занальныя спаборніцтвы па валейболе ў рамках 23-яй раённай спартакіяды школьнікаў.
Барацьбу за выхад у фінал вялі 18 каманд. У складанай барацьбе ў шасцёрку лепшых увайшлі лунінецкая СШ №2, Лахвенская, Любанская, Рэдзігераўская, Язвінская і Вялікачучавіцкая СШ. Яны і разыграюць прызавыя месцы 4 снежня.
У суботу, 27 лістапада, адбудуцца занальныя спаборніцтвы юнацкіх каманд. Іх заявілася 21. За цікавымі гульнямі можна будзе назіраць у ліцэі, лунінецкай СШ №2, мікашэвіцкіх – СШ №1 і №2, Вялікачучавіцкай і Любачынскай СШ.
Лёгкая атлетыка
СТАЎКА – НА ХУТКАСЦЬ
Хуткасць – прыродная якасць. Тыя, каму ўласціва яна ў поўнай меры, часта аддаюць перавагу заняткам спортам. Таму не сакрэт, што менавіта на яе звяртаюць увагу трэнеры, праводзячы адбор дзетак у спартыўную школу.
Ёсць дастаткова шмат практыкаванняў, якія могуць пацвердзіць наяўнасць хуткасці ў хлопчыкаў і дзяўчынак, але лепшы спосаб – спаборніцтвы на кароткіх дыстанцыях і скачкі ў даўжыню з месца. Па такім шляху пайшлі ў ДЮШАР, праводзячы агляд перспектыўных школьнікаў.
Самай хуткай сярод шасцікласніц стала Ліна Трухнова з СШ №2. Крыху ўступілі ёй Крысціна Аліфяровіч (СШ №3) і Ганна Мішук (СШ №2).У хлопчыкаў гэтага ўзросту на спрынтарскай дыстанцыі парадавалі Максім Канапацкі і Арцём Антановіч (абодва – Палеская СШ). Трэці вынік – у Уладзіслава Кошэля (СШ №3). У скачках у даўжыню вызначыўся Валерый Вярэніч (СШ №2), а другое і трэцяе месцы падзялілі Яўген Куласевіч з Палескай СШ і Дзмітрый Кезь з СШ №1.
У дзяўчынак-сямікласніц не было роўных Ірыне Ільючык (СШ №2). У прызавую тройку трапілі таксама Інна Чарнавокая і Вікторыя Цяльпук (абедзве – СШ №4) і Юлія Таболіч з Палескай СШ. У хлопчыкаў пераможцам у абодвух відах стаў Павел Дырда (СШ №2). На п’едэстал падняліся таксама яго калега па школе Аляксандр Шахатуні, Дзяніс Малдаванаў і Уладзіслаў Баўсун (СШ №4).
Непрадказальна праходзілі спаборніцтвы ў васьмікласнікаў. У дзячынак вызначылася Аляксандра Хорашава з СШ №2. У прызавую тройку трапілі таксама вучаніцы гэтай жа школы Алена Менжынская і Вікторыя Дмітрыенка, а таксама Кацярына Малашчыцкая з СШ №4. У хлопчыкаў не было роўных Алегу Гарапучыку. У лік лепшых трапілі таксама Павел Сайко, Андрэй Голік (СШ №2), Раман Свеклісценкаў (СШ №4),Аляксандр Патапаў (СШ №1).
Па словах трэнераў ДЮШАР, парадавалі адораны дзеці, якіх нямала ў школах раёна, і расчаравала слабая зацікаўленасць і арганізаванасць вучняў лунінецкай СШ №1.
ЗА ЎЗНАГАРОДАМІ – У ІВАНАВА
На матчавую сустрэчу ў Іванава накіраваліся пераможцы і прызёры раённых спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы 1997-98 і 1999 гадоў нараджэння.
Ліна Трухнова тройчы стала пераможцай – у бегу на 30 метраў, 35 метраў з бар’ерамі і скачках у даўжыню. Таццяна Зосіч не пакінула шанцаў саперніцам у бар’ернай дысцыпліне і скачках у вышыню. Ёй жа дасталася бронза ў скачках у даўжыню. Мікалай Меляшкевіч з Лахвы быў самым вынослівым у бегу на 600 метраў і лепшым у скачках у даўжыню, стаў сярэбраным прызёрам у бар’ерным бегу. Валерый Вярэніч паказаў другі вынік у скачках у даўжыню.
Міні-футбол
ЧАТЫРЫ АЧКІ З ШАСЦІ МАГЧЫМЫХ
узялі нашы каманды 11-ым туры чэмпіянату краіны па міні-футболе.
«Граніт” гуляў на выездзе з «Рэчыцай” і упэўнена перамог – 8:4. У «гранітаўцаў” хеттрыкам вызначыўся Шылоўскі, дублем – Кіслюк і Лямешка, адзін мяч – на рахунку Халімончыка.
Ніяк не ўдаецца «Базару” запісаць у актыў перамогу. Не ўдалося гэта зрабіць і ў дамашнім матчы з «Дынама-БНТУ”. Паядынак аказаўся вельмі ўпартым, аб чым сведчыць лік – 5:5. У лунінчан па два мячы забілі Рапецкі і Наварыч, адзін – Красоўскі.
У наступным туры нашы каманды згуляюць паміж сабой. Матч адбудзецца ў нядзелю, 28 лістапада, у Мікашэвічах. Пачатак у 14 гадзін.
ХХХ
Першая ліга. Група «Захад”. «Граніт-2” пацярпеў паражэнне ў дамашнім матчы ад каманды «Кіраўск-ДЮСШ” з лікам 4:13.