Спорт
СТАЎКА НА КАЛЕКТЫЎНУЮ ГУЛЬНЮ
У большасці выпадкаў балельшчыкі, якія прыходзяць на матчы, бачаць выключна тое, што адбываецца на полі. І толькі асобныя цікавяцца тактыкай і фізічным станам спартсменаў. Яшчэ менш тых, хто звяртае ўвагу на ход трэнерскай думкі, ад якой часта залежыць канчатковы вынік. Аб гэтым вядзем гаворку з трэнерам каманды “Граніт” Валерый БАХНО.
– Вас можна павіншаваць з чарговай перамогай, на гэты раз над светлагорскім “Хімікам”. Як разгортваліся падзеі ў матчы?
– Першыя 15 хвілін было вельмі складана. Светлагорцы, выступаючы ў ролі гаспадароў, прадпрымалі актыўныя дзеянні. Гульня вялася на нашай палове. Саперніку нават удалося стварыць даволі небяспечны момант каля нашых варот, але галкіпер выратаваў. У сярэдзіне першага тайма гульня выраўнілася. А вось другая палова сустрэчы расставіла кропкі над “і”: фізічная падрыхтаванасць нашых футбалістаў аказалася на больш высокім узроўні. Спачатку памылкай абаронцаў удала скарысталіся Дзямешка і Бойка. Апошні дакладным ударам завяршыў атаку. А пазней са штрафнога падвоіў лік Маргулец.
– З “Ведрычам-97”– суботнім сапернікам – вы таксама неаднаразова сустракаліся. Які настрой на гульню?
– Як заўсёды – баявы! У гэтым сезоне на кожны матч выходзім як на апошні бой, таму і прадстаячая сустрэча з “Ведрычам-97” не стане выключэннем.
– Як вы лічыце, ці ўдалося сфарміраваць каманду, здольную паспяхова правесці сезон?
– Міжсезонне правялі нядрэнна. Радуе, што ўсе ігракі, якіх запрашалі і хто застаўся з мінулага года, адпрацавалі па поўнай праграме. У складзе ў асноўным вопытныя спартсмены. Задача стаяла сфарміраваць калектыў. Думаю, нам гэта ўдалося.
– Ці ёсць у “Граніта” лідэры?
– Стаўку робім на калектыўную гульню. Пакуль усё атрымліваецца.
– Якія каманды на вашу думку могуць прэтэндаваць на выхад у вышэйшы дывізіён?
– У гэтым сезоне многія каманды дэманструюць гульню прыкладна аднаго ўзроўню. Сярод прэтэндэнтаў на выхад у вышэйшую лігу назваў бы “Гомель”, “ДСК-Гомель”, “Хвалю”, “Хімік”.
– Ведаю, што спартсмены – народ суеверны, таму аб планах пытаць не буду, каб не сурочыць. Вельмі хочацца верыць, што верхні радок турнірнай табліцы будзе за “Гранітам” на фінішы чэмпіянату.
Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.