СУСВЕТНЫ ФОРУМ
Лёгкая атлетыка
У Стамбуле (Турцыя) завяршыўся чэмпіянат свету па лёгкай
атлетыцы ў памяшканнях.
У эстафетным квартэце 4х400 метраў стартавала і наша
зямлячка Ірына Хлюстава. У фінальным забегу з-за парушэння правілаў
спаборніцтваў саперніцамі з Украіны нашы дзяўчаты пазбавіліся магчымасці
змагацца за медалі. Пры перадачы палачкі з першага на другі этап украінская
спартсменка пакінула сваю пазіцыю ў калідоры і рэзка перасекла дарожку перад
беларускай. Пры сутыкненні Ганна Ташпулатава ўпала.
Беларуская дэлегацыя падала пратэст, і апеляцыйнае журы
прыняло рашэнне аб дыскваліфікацыі ўкраінскай каманды. Такім чынам, наш квартэт
заняў пятае месца.
Анонс
ТАВАРЫСКАЯ СУСТРЭЧА
18 сакавіка, у нядзелю, на Ледовай арэне адбудуцца
паядынкі з удзелам каманд Лунінца, Іванава і Брэсцкага ўпраўлення ўнутраных
спраў аблвыканкама.
Урачыстае адкрыццё ў 11 гадзін. Аматары спорту маюць
магчымасць стаць удзельнікамі цікавых баталій!
Футбол
МІЖСЕЗОННЫ ТУРНІР
У Брэсце адбыўся турнір па футболе з удзелам каманды
«Граніт” і дубліруючых саставаў «БАТЭ” і «Дынама” (Брэст).
Мікашэвіцкія футбалісты у складанай барацьбе з
барысаўчанамі ўступілі 0:2. А вось над брэстчанамі «гранітаўцы” ўзялі верх –
4:2. Улічваючы, што матч паміж «БАТЭ” і «Дынама” завяршыўся нічыёй, то нашы
землякі занялі ў турніры другое месца.
Валейбол
НОВЫ ТЫТУЛ РЭДЗІГЕРАЎСКАЙ КАМАНДЫ
Упершыню ў гісторыі лунінецкага валейболу чэмпіёнам раёна
стала каманда «Рэдзігерава”.
Поспех каманды нельга назваць выпадковым. На працягу
апошніх 20 год гэтаму віду спорту ў Рэдзігерава надаюць асаблівую ўвагу. Тут
склаліся добрыя традыцыі. На змену аднаму пакаленню прыходзіць другое. Каманда
не аднаразова станавілася прызёрам раённага першынства. Трэба адзначыць, што
ўраджэнцы вёскі папулярызуюць валейбол не толькі на Лунінеччыне, але і ў
суседнім Пінскім раёне, дзе зараз і жывуць. Але кожны год з задавальненнем
прыязджаюць на малую радзіму, каб сваё майстэрства прадэманстраваць
падрастаючаму пакаленню. Такі прыклад вельмі важны ў выхаванні любові да спорту
і зларовага ладу жыцця сярод моладзі. Вынік відавочны – сёлета юнацкая каманда
Рэдзігераўскай СШ стала пераможцай раённай спартакіяды школьнікаў.
Раўняюцца юнакі на такіх спартсменаў як Віктар Варабей,
Аляксандр Саковіч. А капітан каманды Дзмітрый ІГНАТОВІЧ (на здымку крайні справа)
названы лепшым іграком сезона.
Па словах трэнера каманды Юрыя Даніловіча, вялікую
дапамогу аказвае камандзе мясцовая гаспадарка: набылі форму, спартыўны
інвентар, забяспечылі камандзіровачнымі для ўдзелу ў спаборніцтвах.
Перамога тым яшчэ важкая, што ўдалося перайграць даволі
моцныя каманды. Сярод іх – «Феміда” (3:1). Дарэчы, менавіта ад зыходу гульні з
ёй залежала, каму дастанецца пераможны тытул. З такім жа лікам завяршылася
сустрэча і з «Гранітам”. А вось «Баларусбанку” прайгралі – 2:3. Вынікі астатніх
сустрэч: «Феміда” – «Беларусбанк” (3:2), «Феміда” – «Граніт” (3:1), «Граніт” –
«Беларусбанк” (3:1).
Сярэбраным прызёрам стала «Феміда”, бронза – у
«Беларусбанка”. Мінулагоднія пераможцы «гранітаўцы” ў гэтым чэмпіянаце толькі
чацвёртыя.
Міні-футбол
ДАМАШНЯЯ НІЧЫЯ
Другую нічыю ў сезоне зафіксаваў «Базар” у дамашнім
матчы. На гэты раз у сустрэчы з камандай «Гаспадар” (Баранавічы) .
Вельмі доўга ні адной з каманд не ўдавалася адкрыць лік.
І ўсё ж, першымі «распячаталі” вароты сапернікаў лунінецкія футбалісты. Зрабіў
гэта Вячаслаў Міхальчанка на 17 хвіліне. Аднак яшчэ да перапынку гасцям удалося
зраўняць лік. Героем другога тайма стаў Міхаіл Санюковіч. Спачатку ён
вызначыўся дакладным ударам па варотах баранавіцкай каманды, а хутка стаў
аўтарам і аўтагола. За тры хвіліны да заканчэння матча госці выйшлі наперад.
Падалося, што сітуацыя непапраўная. Але агульнымі намаганнямі лунінчане за
некалькі хвілін да фінальнай сірэны зраўнялі лік – 3:3. Гол у свой актыў
запісаў Аляксандр Рапецкі.
Мікашэвіцкаму «Граніту” было значна цяжэй. Яму
супрацьстаяла адна з мацнейшых каманд сезона – «БЧ” (Гомель). Правальным
аказаўся першы тайм, калі ў варотах «гранітаўцаў” пабывала 5 мячоў. Другая
палова сустрэчы прайшла ў роўнай барацьбе. У мікашэвіцкай камандзе вызначыліся
Вадзім Ціткоў і Дзяніс Кіслюк. Але ў вынку сумнае паражэнне – 2:7.
У наступным, 22-м туры, 17 сакавіка «Базар” згуляе на
выездзе з «Кіраўскам-Белшынай”, а «Граніт” – са «Спартландыяй”.