Спорт

ТАЛЕНТЫ Ў ВЁСКАХ

Лёгкая атлетыка

 

Выхаванцы Лунінецкай СДЮШАР прынялі ўдзел у матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы, якая праходзіла ў Пінску.

Сярод дзяўчынак 1998-99 гадоў нараджэння вызначылася дзятлаўчанка Вікторыя Захарчук, якая заняла першае месца ў скачках у даўжыню з месца, бегу на 300 метраў і паказала другі вынік на 30-метроўцы і бар’ернай дысцыпліне. Двойчы на другую прыступку п’едэстала гонару ўзнімалася Алеся Жук з Палескага – у бегу на 300 метраў і скачках у даўжыню з месца. Бронзавымі прызёрамі сталі Яна Чарнавокая (300 метраў) і Ліна Трухнова (скачкі ў даўжыню з месца). У хлопчыкаў гэтага ўзросту Уладзіслаў Баўсун заняў другое месца ў бегу на 30 метраў з бар’ерамі, а Арцём Антановіч – трэцяе на 300-метроўцы.

У самых юных спартсменаў 2000-2001 гадоў нараджэння не пакінула шанцаў саперніцам Ірына Ванюк у трох дысцыплінах – бегу на 30 метраў, бар’ернай дыстанцыі і скачках у даўжыню з месца. Тройчы ўзнімалася на п’едэстал гонару Карына Яфімава з Палескага, а яе брат Кірыл перамог у бегу на 600 метраў. Двойчы прызавыя месцы дасталіся Ірыне Кіндрук. Трэцяе месца ў скачках у даўжыню з месца заняла Яна Карпуковіч. Максім Бабіч узнагароджаны дыпломамі другой ступені ў бегу на 30 метраў і скачках у даўжыню з месца. Трэцімі прызёрамі сталі Стас Бусько і Кірыл Лабко.

Алена Вярэніч, старшы трэнер СДЮШАР па лёгкай атлетыцы:

– Прыемна, што ў вясковых школах падрастаюць такія таленавітыя дзеткі. У іх ёсць жаданне перамагаць, у чым ім дапамагаюць трэнеры і настаўнікі фізкультуры. Праз некалькі год гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць годна абараняць гонар раёна на абласным і нават рэспубліканскім узроўнях. Аднак, для гэтага трэба рэгулярна трэніравацца і часцей выязджаць на спаборніцтвы. Спадзяюся на разуменне і падтрымку з боку дырэктараў агульнаадукацыйных школ. У пэўнай ступені ад іх садзейнічання залежыць росквіт таленту дзяцей. Магчыма, хтосьці з тых, хто сёння падае надзеі, заўтра стане ўдзельнікам Алімпійскіх гульняў.

 

Міні-футбол

БЕЗ АСАБЛІВЫХ ЗРУХАЎ

«Нулявая» нічыя ў Лужэсна ў матчы “ВітЭна” і “Дарожніка” аказалася на руку іх канкурэнтам: адпачываючая “БЧ” не дазволіла сябе нікому абыйсці, а “МАПІД” аднавіў адрыў ад праследвальнікаў.

Што датычыць нашых каманд, то яны правялі гульні на выездзе. Мікашэвіцкі “Граніт” без асаблівай складанасці ўзяў верх над светлагорскім “ЦКК” – 5:1. Мячы забілі Міхнюк (2), Шаўчэнка, Самусевіч і Скакалкін.

А вось “Базару” зноў не пашанцавала. У напружаным паядынку лунінчане ўступілі “Лідсельмашу” 1:3. Адзіны мяч у нашай камандзе пад занавес сустрэчы забіў Наварыч.

У 21-м туры ў суботу, 19 сакавіка, “Базар” будзе прымаць “Верас”, а ў нядзелю, 20 сакавіка, “Граніт” правядзе матч з лідэрам чэмпіянату “МАПІДам”. Пачатак матчаў у 14 гадзін. 

 

Анонсы

 

18-20 сакавіка на стадыёне “Палессе” адбудуцца занальныя спаборніцтвы па футболе ў рамках Алімпійскіх дзён моладзі сярод юнакоў 1995-96 гадоў нараджэння з удзелам каманд г. Пінска, Пінскага, Столінскага і Лунінецкага раёнаў.

ХХХ

У суботу, 19 сакавіка, стартуе чэмпіянат раёна па баскетболе сярод мужчынскіх каманд. Адкрыццё спаборніцтваў у політэхнічным каледжы ў 11.00.

ХХХ

У нядзелю, 20 сакавіка, у РФСК “Здароўе” (стадыён “Палессе”) адбудзецца Кубак раёна па шахматах. Пачатак у 10.00.

ХХХ

Занальныя спаборніцтвы па настольным тэнісе ў праграме раённай спартакіяды школьнікаў сярод каманд дзяўчат пачнуцца ў суботу, 19 сакавіка. Заявіліся 20 каманд. Паядынкі адбудуцца ў лунінецкай СШ №2, ліцэі, Дзятлавіцкай і Дварэцкай СШ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть