ТЭХНІЧНАЕ ПАРАЖЭННЕ ГАСЦЕЙ
Прыемна, што кожны дамашні матч з удзелам каманды “Граніт” лунінчане чакаюць з вялікім жаданнем. І хаця дажджлівае надвор’е не дазволіла запоўніць усе трыбуны, актыўная падтрымка мікашэвіцкай дружыне ў гульні з гродзенскім “Нёманам” была забяспечана.
Першая палова сустрэчы не вызначалася мноствам вострых момантаў, ініцыятыва па чарзе пераходзіла ад адной да другой каманды. Намокшае сінтэтычнае поле прымушала ігракоў дапускаць шмат памылак у перадачах. Пад занавес першага тайма рэальны шанц адкрыць лік у матчы меў Дзяніс Сашчэка, але мяч трапіў у перакладзіну. У другой палове сустрэчы заззяла сонейка, і гульня ажавілася. На 55-ай хвіліне памылкай абаронцы “Нёмана” скарыстаўся Дзмітрый Чалей, дакладна накіраваўшы мяч у вароты гродзенцаў. “Гранітаўцы” актыўна пайшлі наперад, імкнучыся падвоіць лік, але сапернік удала згуляў на контратацы і зраўняў лік. У канцы матча, калі пагроза каля варот “Нёмана” станавілася ўсё больш сур’ёзнай, трэнер каманды Алег Радушка прадпрыняў шэраг замен, аднак пралічыўся. Згодна з рэгламентам у гульні можа прымаць удзел толькі 4 легіянеры, а ў “Нёмана” на полі іх аказалася пяць. Такім чынам, за парушэнне рэгламента гродзенцам залічана тэхнічнае паражэнне 0:3. Да таго ж, камандзе давядзецца выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь.
30 мая ў чарговым туры “Граніт” згуляе на выедзе з “Віцебскам”.