ТРЫА ПЕРАМОЖЦАЎ
Стралковы гурток у лунінецкай СШ № 2 карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Справа ў тым, што яго наведвальнікі неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў. Днямі каманда школы, якая нядаўна стала пераможцай раённых спаборніцтваў, вярнулася з вышэйшай узнагародай з абласнога першынства ДТСААФ.
Як паведаміў кіраўнік гуртка Віктар Вайцяхоўскі, поспех нельга назваць выпадковасцю. Да гэтай узнагароды яго выхаванцы рыхтаваліся мэтанакіравана, адшліфоўваючы навыкі пастаяннымі трэніроўкамі.
Стаўшы летась пераможцамі Кубка МРАС ДТСААФ і абласнога Кубка ДТСААФ, усе трое разумелі, што горш выступіць на першынстве вобласці не маюць права. Максім Кавалевіч крыху разгубіўся пры стральбе па першай мішэні, аднак хутка здолеў настроіцца на барацьбу і не пакінуў сапернікам шанцаў на перамогу. Не стаў адставаць ад калегі па камандзе Аляксандр Аляшкевіч, уступіўшы толькі 7 ачкоў, што забяспечыла другое месца ў асабістым заліку. Ганна Даніловіч стала бронзавым прызёрам спаборніцтваў.
У агульнакамандным заліку лунінчанам не было роўных.
Віншуем спартсменаў і іх трэнера з заслужанай перамогай!