Спорт

У ФІНАЛЕ – МАЦНЕЙШЫЯ

ВАЛЕЙБОЛ
Юнакі адукацыйных школ пачалі барацьбу за пераможны тытул у раённай спартакіядзе.
У фінальную частку спаборніцтваў выйшлі 8 мацнейшых каманд, якія занялі 1-2 месцы ў занальных падгрупах. Гэта зборныя Вялікачучавіцкай, Багданаўскай, Дварэцкай, Рэдзігераўскай, Лахвенскай, Міжлескай СШ, мікашэвіцкай СШ №1 і гімназіі імя У. Нядзведскага. Пакуль складана аддаць перавагу той ці іншай камандзе, але ў суботу ўсе кропкі над «і” будуць расстаўлены.
Фінальныя паядынкі адбудуцца ў спартыўных залах лунінецкіх СШ №2 і №4. Пачатак у 10.30.
МІНІ-ФУТБОЛ
НА ПОДСТУПАХ ДА ЗАЛАТОЙ СЯРЭДЗІНЫ
16 мячоў забілі ў 12-ым туры чэмпіянату краіны па міні-футболе «Базар” і «Граніт”.
У Лунінцы «Базар” прымаў сталічны «Ітранзішэн-БГУФК”. Нашы землякі дэманструюць усё большую зладжанасць і дакладнасць у завяршальнай стадыі атак. І на гэты раз яны былі настроены толькі на перамогу. Першая ж хвіліна стала пацвярджэннем таму. Абыграўшы двух сапернікаў дакладным ударам з вострага вугла, Андрэй Скварчэўскі адкрыў лік. На чацвёртай хвіліне Максім Наварыч завяршыў прастрэльную перадачу другім голам у вароты мінчан. Выкананне «стандартаў” часцей давяраюць Уладзіміру Сазонаву. Нядрэнна справіўся ён з гэтай задачай, калі давялося прабіваць штрафны. У сапернікаў у гэты дзень мала што атрымлівалася. Вось і вырашыў Максім Наварыч ім дапамагчы (жартую). Аднак менавіта ад яго нагі мяч уляцеў у вароты лу-нінчан падчас адной з нячастых атак гасцей. Пры ліку 3:1 каманды накіраваліся на перапынак.
З хваляваннем чакалі балельшчыкі працягу гульні. Але «Базар” не збіраўся збаўляць абаротаў. Спачатку Віктар Шуста ўдала завяршыў камбінацыю. Аднак тут жа паследаваў адказ сапернікаў. А потым Андрэй Скварчэўскі вызначыўся ў атацы, пачатай Дзмітрыем Троцкім, які, трэба дадаць, не аднойчы адзначаўся галявымі пасамі. Шосты мяч у вароты гасцей забіў зноў жа Сазонаў са штрафнога. Мінчанам нішто не заставалася рабіць, як ісці «ва-банк”. За некалькі хвілін да заканчэння матча на пляцоўцы замест варатара паявіўся пяты ігрок. Такая тактыка каштавала ім аднаго забітага і двух прапушчаных мячоў у выкананні Віктара Юрагі і Уладзіміра Сазонава. Такім чынам, 8:3 – прыгожая перамога «Базара”.
У Мікашэвічах «Граніт” разграміў светлагорскую каманду «ЦКК” з лікам 8:1. Гаспадары на працягу ўсяго матча валодалі ініцыятывай, якая прынесла ім тры ачкі ў заліковую скарбонку. Вызначыліся Яўген Пашкевіч, Алег Міхнюк, Аляксей Шаўчэнка, Віталь Халімончык (2), Дзмітрый Скакалкін (2) і Аляксандр Самусевіч.   
У наступным туры 8 снежня, у суботу, нашы каманды правядуць у Гомелі. «Базар” згуляе з «БТЭУ-Белкаапсаюз”, а «Граніт” – з «БЧ”.
МОЛАДЗЬ НАБІРАЕЦЦА ВОПЫТУ
У мінулую нядзелю ў Мікашэвічах адбыўся адзін з перанесеных матчаў трэцяга тура маладзёжнага чэмпіянату краіны па міні-футболе.
«Граніт” сустракаўся з «ДЮСШ-2-ЦКК” і прайграў з лікам 3:5. Да заканчэння першага круга застаецца адзін паядынак, а ў актыве мікашэвіцкай каманды ўсяго тры ачкі. Гэта дазваляе размяшчацца толькі на пятым радку турнірнай табліцы з шасці.
СПАРТАКІЯДА
ПЕРАМОЖНЫ КІЙ
У Баранавічах адбыўся чарговы этап круглагадовай спартакіяды, у якім прымалі ўдзел кіраўнікі транспартных прадпрыемстваў аддзялення чыгункі.
Наш калектыў прадстаўлялі начальнік, яго намеснік па рамонце і галоўны інжынер. Каманда паказала нядрэнны вынік, актыўна выступіўшы ў спаборніцтвах па плаванні і настольным тэнісе. Асаблівы поспех спадарожнічаў кіраўніку нашага прадпрыемства – Анатоль Жук стаў чэмпіёнам у гульні ў більярд.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть